~~META: title = Язэп Пушча — Жытні колас &keywords = колас, жытні, ніве, жалі, полі, свеце &abstract = Верш Язэпа Пушчы "Жытні колас" &iftrue = nan ~~ ====== Язэп Пушча — Жытні колас ====== Гэтым летам, а не колісь,\\ Рос і вырас жытні колас\\ На радзімай ніве вольнай,\\ На шырокай, на раздольнай.\\ \\ Красаваў і наліваўся,\\ Над зямлёю нахіляўся.\\ Сокамі зямля паіла,\\ І брадзіла ў зернях сіла.\\ \\ Ядраны, цяжкі, як з бронзы,\\ Загарэў, прыкрыў барозны.\\ Не было такіх ніколі\\ На ўраджайным нашым полі.\\ \\ Не было нідзе на свеце,\\ Толькі ў нас у гэтым леце.\\ Дзіву дзівімся, ды годзе, –\\ Хай штогод так нівы родзяць.\\ \\ І наяве, а не ў казцы.\\ Яшчэ казку трэба скласці\\ І расказваць на ўвесь голас\\ Пра цудоўны жытні колас.\\ \\ Сонца грэе, колас спее,\\ Пошум жытні ў летнім спеве.\\ Каласіста спелай ніве\\ Нізка кланяецца жнівень.\\ \\ Цешыць поле залатое,\\ Дзякуй, роднае, за тое,\\ Што ўрадзіла гэтак шчодра, –\\ З хлебам жыць на свеце добра.\\ \\ Не з сярпамі ў полі жнеі,\\ Не ў снапы кладуцца жмені,\\ А вядуць у наступ слаўны\\ Маладыя камбайнёркі\\ Самаходныя камбайны\\ Цераз долы і узгоркі.\\ \\ І плывуць па жытнім моры,\\ Як мелодыі у хоры,\\ Ў залаціста-жытняй далі\\ Акунаюцца у хвалі.\\ \\ Сыпле ураджай багаты\\ Залатым дажджом зярняты,\\ І шумяць імклівай рэчкай,\\ Гаварлівай добрай спрэчкай.\\ \\ Родны колас што ёсць сілы\\ Жалі, жалі, малацілі,\\ І сабралі яго зерне\\ Дачыста ўсё на насенне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]] * [[постаці/язэп-пушча]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніца]]