~~META: title = Язэп Пушча — Адаму Міцкевічу &keywords = адам, міцкевіч, душы, даль, хваль, адэсы, анапы, спяваў, ідзе &abstract = Чытаць верш Язэпа Пушчы "Адаму Міцкевічу" &iftrue = nan ~~ ====== Язэп Пушча — Адаму Міцкевічу ====== **1**\\ Я не на беразе самотнай Леты,\\ А на скалістым, ветраным узмор’і.\\ Чытаю ўголас «Крымскія санеты»,\\ Ўглядаюся у ясныя сузор’і.\\ \\ На моры неўгамонных хваль усплёсы,\\ Узнепакоіў вецер белых чаек.\\ Я слухаю іх спеў рознагалосы\\ I ўсходу сонца на скале чакаю.\\ \\ У радасным здзіўленні мае вочы.\\ Здаецца мне: Адам Міцкевіч крочыць,\\ Ўзыходзіць на скалу, як на Байдары.\\ \\ Ідзе Адам Міцкевіч светлай явай.\\ Схіляюся перад пяснярскай славай:\\ Ты жыў на свеце і спяваў нядарам! \\ **2**\\ Які цудоўны дэсань\\ Над морам зоры ткуць!\\ З Анапы да Адэсы\\ Ў ноч караблі плывуць.\\ \\ Мае за імі думы\\ Турбуюць даль вякоў;\\ Бялеюць толькі дзюны\\ Правеяных пяскоў.\\ \\ Я чую мора голас,\\ Варушацца пяскі;\\ Адам Міцкевіч колісь\\ Тут слухаў гул марскі.\\ \\ Цяплом душы сагрэты,\\ Пад зорамі стаяў\\ I песні ўсяму свету\\ Натхнёна ён спяваў:\\ \\ «Народ, разбі кайданы,\\ Якія цар скаваў,\\ Каб вольным стаў падданы,\\ А цар навек сканаў».\\ \\ Спявалі з ім і ветры,\\ Ў душы агонь палаў,\\ А ноч са скал Ай-Петры\\ Хмурынкаю плыла.\\ \\ Абмыла скалаў грані\\ I ўпала на зямлю.\\ Пакуль у гавань рана\\ Заходзіць караблю.\\ \\ Няхай ідзе у рэйсы\\ Мой карабель між хваль –\\ З Анапы да Адэсы\\ I ў сонечную даль.\\ \\ 1936\\ \\ Крыніца: Душа мая тужлівая... : вершы і паэмы / уклад. В. А. Шніп. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 303 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніца]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры]] * [[постаці/язэп-пушча]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]]