~~META: title = Ядвіга Бяганская — Юрка і пчолы &keywords = юрка, пчолы, антось, дзядзька, ворагаў, ведае, вечара, жыве, ранку, вуллі, пчала, пчаліны &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Юрка і пчолы" &iftrue = True ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Юрка і пчолы ====== Кожнае лета Юрка гасцюе ў дзядзькі Антося на пчальніку. Падабаецца хлопчыку пчаліны гарадок. Размясціўся ён сярод беланогіх дрэў вялікага калгаснага саду.\\ Дзядзька Антось устае рана, разам з сонейкам. Не адстае ад яго і Юрка. Ён крочыць басанож па роснай траўцы, якая так прыемна халодзіць і казыча ступні ног.\\ Ад хаты, дзе жыве дзядзька Антось, да пчальніка кіламетры тры будзе. Сцежка увесь час бяжыць шырокім квяцістым лугам, над якім з ранку да вечара звіняць жаваранкі. Жаваранкаў тых Юрка не бачыць. Яны згубіліся недзе высока-высока ў небе і сыплюць адтуль на зямлю сваё звонкае срэбра.\\ А вось і пчальнік. Тут ужо даўно кіпіць работа, паветра напоўнена пчаліным гудам.\\ – Прачнуліся ўжо нашыя працаўніцы, – усміхаецца дзядзька Антось, пазіраючы, як завіхаюцца каля вулляў пчолы. – Ды і як ім спаць, калі за дзень столькі кветак аблётаць трэба. Гэта ж, каб сабраць якія сто грамаў мёду, яны мусяць наведаць не менш як паўмільёна кветак.\\ – Паўмільёна! – дзівіцца Юрка. – А як жа яны знаходзяць дарогу дадому? Яны ж заблудзіцца могуць, – пытае ён дзядзьку Антося.\\ – Не заблудзяцца, – усміхаецца той. – У пчалы, хлопча, тысяча вачэй. Яна бачыць далёка.\\ – Тысяча вачэй! Вось гэта здорава! – ускліквае Юрка.\\ Ужо не першае лета гасцюе Юрка на пчальніку. Шмат цікавага ведае ён пра пчол, а дзядзькавым расказам пра іх усё яшчэ не відаць канца. Юрка ведае, што пчала вельмі дужая. Яна можа ўзняць угору і панесці столькі, колькі важыць сама. Што пчолы вельмі працавітыя. Што жывуць яны вялікай і дружнай сям'ёй, на чале якой стаіць пчала-матка. А сёння дзядзька Антось расказаў Юрку пра пчаліных ворагаў.\\ – Век у пчалы кароткі. Жыве яна ўсяго некалькі месяцаў, а ворагаў у яе хоць адбаўляй, – кажа дзядзька Антось.\\ Ворагаў у пчалы і сапраўды багата. I самы страшны з іх – гэта пчаліны воўк. Ён падобны на вялікую жаўтабрухую асу і жыве ў глыбокай нары пад зямлёй. Пчаліны воўк жывіцца толькі пчаліным мёдам, і, каб здабыць яго, ён забівае пчалу. Частку мёду, які несла пчала, спажывае сам, а рэшту разам з забітай пчалой нясе ў нару сваёй самцы, якая выкормлівае дзіцянят. А стракозы? Яны, нібы тыя драпежныя ястрабы, накідваюцца на пчалу і разрываюць яе на кавалкі. Ды ўсіх пчаліных ворагаў і не пералічыць.\\ – А чаму гэта адны пчолы з ранку да вечара мёд збіраюць, а другія ў вуллі сядзяць? – цікавіцца Юрка. – Хіба яны працуюць пазменна? – усміхаецца ён.\\ – Пчолы не сядзяць без работы, хлопча. Яны даглядаюць лічынак, з якіх пазней выйдуць новыя пчолы, сочаць за парадкам у вуллі: будуюць новыя соты, чысцяць не запоўненыя мёдам ячэйкі, закрываюць воскам тыя, што ўжо запоўнены, даглядаюць матку, вартуюць, каб у вулей не забраўся які вораг. Пчолы – «народ» працавіты.\\ Шмат цікавага ведае дзядзька Антось пра пчол, і Юрка з ранку да вечара гатоў слухаць яго і назіраць за жыццём маленькіх працаўніц.\\ – А колькі карысці мае ад іх чалавек. I мёд яму пчолы даюць, і воск, і ядам сваім ад шмат якіх хвароб ратуюць, – гаворыць дзядзька Антось.\\ – А чаму гэта людзі вуллі звычайна ў садзе стаўляюць? Мусіць, таму, каб было ім дзе мёд збіраць, калі сад цвіце?\\ – I не толькі таму. Каб у садзе нашым не было пчолак, мы не мелі б столькі яблык, ігруш, сліў...\\ – А пры чым жа тут пчолы? – дзівіцца Юрка.\\ – Як гэта пры чым? Збіраючы мёд, пчолы пераносяць з кветкі на кветку пылок, апылкоўваюць сад. Каб яны не рабілі гэтага, кветкі асыпаліся б пустацветам і не давалі б пладоў.\\ – Цікава... – задуменна гаворыць Юрка. – Такая яна маленькая, гэта пчала, а столькі ад яе дабра людзям. Буду і я некалі пчаляром, буду даглядаць пчолак, клапаціцца аб іх. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>горкі-мёд]] * [[ibdc.ped>бортніцтва]] * [[творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-ліпень]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-цымбалы]] * [[ibdc.ped>пчаліны-рой]]