~~META: title = Ядвіга Бяганская — Чаму пачырванеў Вадзік? &keywords = верачка, вадзік, аловак, сказала, зламаўся, чырвоны, тачылку &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Чаму пачырванеў Вадзік?" &iftrue = True ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Чаму пачырванеў Вадзік? ====== У класе ціха, ціха. У другакласнікаў урок малявання. Учора яны хадзілі з настаўніцай у лес, а сёння Ніна Пятроўна сказала, каб кожны намаляваў тое, што яму найбольш спадабалася ў лесе.\\ Вадзіку спадабаўся грыб-мухамор. Ён стаяў пад дрэвам у вялікім чырвоным капелюшы.\\ А Вадзікава суседка Верачка намалявала рабіну і цяпер прыбірае яе ў чырвоныя каралі. Яна так захапілася работай, што нават высунула кончык языка. Але вось бяда: не паспела Верачка намаляваць і паловы караляў, як раптам – трах! – зламаўся яе чырвоны аловак.\\ – Вадзік, дай мне сваю тачылку, у мяне аловак зламаўся, – папрасіла Верачка свайго суседа.\\ – А дзе твая? – строга запытаў Вадзік.\\ – У мяне няма.\\ – Чаму ж ты мне пра гэта ўчора не сказала? Я б табе сваю старую тачылку прынёс. Яна крыху ступілася, але аловак яшчэ затачыць можна. Заўтра я табе яе прынясу.\\ – Мне трэба зараз, а не заўтра, – пакрыўдзілася Верачка.\\ – А дзе ж я табе зараз яе вазьму? Яна ж у мяне дома засталася.\\ – Дык у цябе ж вунь новая тачылка ляжыць, – сказала Верачка.\\ – Э, не! – пакруціў галавой Вадзік. – Новую я табе не дам. Калі я пачну яе ўсім даваць, дык яна хутка ступіцца, – і ён схаваў тачылку ў пенал.\\ – Жмінда! – сказала Верачка і заплакала.\\ – Верачка, чаго ты плачаш? – запыталася настаўніца.\\ – Мой чырвоны аловак зламаўся... Чым жа я цяпер ягадкі намалюю на сваёй рабіне? – усхліпнула Верачка.\\ Настаўніца абвяла вачыма прыціхлы клас і запытала:\\ – Дзеці, хто можа даць Верачцы свой чырвоны аловак?\\ I не паспела яна сказаць гэта, як да Верачкі з усіх бакоў пацягнуліся рукі з алоўкамі. Кожны хацеў дапамагчы Верачцы.\\ Толькі адзін Вадзік нібы нічога не чуў і не бачыў. Ён нізка схіліўся над сваім сшыткам, а вушы яго раптам зрабіліся чырвоныя-чырвоныя. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-пра-казачных-чалавечкаў]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-новенькая]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-сланечнікі]] * [[постаці/ядвіга-бяганская]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-міколкава-ялінка]]