~~META: title = Ядвіга Бяганская — Цяжкая задача &keywords = ганя, задачнік, паўлаўна, вольга, сказала, настаўніца, дошкі, рашыла, задачніку, кніжку &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Цяжкая задача" &iftrue = True ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Цяжкая задача ====== Ганя зноў не рашыла задачку.\\ – У маім задачніку гэтай задачкі няма, – сказала яна настаўніцы.\\ – Я к гэта няма?! – здзівілася Вольга Паўлаўна. – Хіба ў цябе не такі задачнік, як у іншых вучняў?\\ – Няма... – паўтарыла Ганя, паціскаючы плячыма.\\ – Хто яшчэ не знайшоў у сваім задачніку гэтай задачкі? – спытала настаўніца, абводзячы позіркам прыціхлы клас.\\ Вучні маўчалі.\\ – Выходзіць, што толькі ў Ганіным задачніку яе няма, – сказала Вольга Паўлаўна. – Дай мне свой задачнік, Ганя. Можа, у ім старонкі пераблытаны?\\ – А задачнік я дома пакінула, – прамовіла Ганя. – Навошта мне такі задачнік? Я новы куплю.\\ – Задачнік трэба заўсёды прыносіць у клас. Хіба ты забылася пра гэта?\\ – Забылася, – ледзь чутна прамовіла Ганя, і твар яе пачырванеў.\\ – Ну што ж, калі ты не рашыла дома задачку, ідзі да дошкі, – сказала настаўніца.\\ Ганя падышла да дошкі, узяла ў рукі крэйду, запісала ўмову задачы, якую прадыктавала ёй Вольга Паўлаўна,падумала крыху і пачала рашаць.\\ А настаўніца тым часам хадзіла паміж парт, пазірала час ад часу на дошку, слухала тлумачэнні Гані, а калі тая памылялася, папраўляла яе.\\ Параўняўшыся з Ганінай партай, Вольга Паўлаўна заўважыла на падпозе кніжку. Відаць, дзяўчынка незнарок скінула яе, калі заспяшалася да дошкі. Вольга Паўлаўна падняла кніжку, усміхнулася і пачала гартаць.\\ – Усё, – зірнула Ганя на настаўніцу.\\ – Сядай, правільна рашыла, – сказала Вольга Паўлаўна.\\ Ганя паклала крэйду, выцерла анучкай пальцы і, задаволеная, пайшла да сваёй парты.\\ – Вазьмі свой задачнік, – падала ёй настаўніца кніжку.\\ Ганя залілася чырванню і вінавата паглядзела на Вольгу Паўлаўну. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-задача]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-задача]] * [[ibdc.ped>кантрольная-па-фізіцы]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-не-рашаецца-задача]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-новенькая]]