~~META: title = Ядвіга Бяганская — Толік і снегіры &keywords = толік, снегіры, мама, птушкі, сынок, акна, толіка, кармушку &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Толік і снегіры" &iftrue = True ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Толік і снегіры ====== – Мама, мамачка, глядзі, якія прыгожыя птушкі ў наш сад прыляцелі. Я гэтакіх ніколі не бачыў! – радасна ўсклікнуў Толік.\\ Мама падышла да акна. На галінцы яблыні сядзелі дзве чырванагрудыя птушкі.\\ – Гэта, сынок, снегіры, – усміхнулася мама. – Яны зімой да нас прылятаюць разам з першым сняжком.\\ – А што ж яны будуць есці, калі на дварэ зіма і ў садзе нічога няма? – устрывожана запытаў Толік. – Можа, ім хлеба накрышыць ды кінуць?\\ – Як жа ты ім кінеш, сыночак? Яны спалохаюцца і паляцяць.\\ – А я праз фортку.\\ Толік падбег да стала, хуценька накрышыў хлеба і ўзлез на падаконнік. Але не паспеў ён адчыніць форткі і прасунуць руку, як птушкі спалохана сарваліся з месца і паляцелі.\\ – Дурненькія. Я іх накарміць хацеў, а яны... – расчаравана прамовіў хлопчык.\\ – А ты не крыўдуй на іх, сынок. Снягір, як і кожная вольная птушка, людзей баіцца, блізка да сябе не падпускае.\\ На другі дзень снегіры зноў прыляцелі ў сад. Але цяпер яны селі на куст бэзу, што рос пад самым акном, і пачалі выдзёўбваць насенне з пасохлых леташніх кветак. Толік, не зводзячы вачэй, глядзеў на прыгожых чырванагрудых птушак.\\ – А ведаеш, сынку, давай зробім нашым гасцям кармушку, – сказала мама, калі снегіры, пад’еўшы, пакінулі сад. – Ану, бацька, дапамажы сыну змайстраваць птушыную сталоўку.\\ Неўзабаве на яблыні, што расла насупраць акна, вісела кармушка.\\ Кожную раніцу, насыпаўшы ў місачку крошак, круп, зярнятак, Толік спяшаўся ў сад, дзе яго, пасеўшы на галінах дрэў, чакалі птушкі. Яны ўжо не баяліся Толіка і сустракалі яго, як свайго сябра.\\ Усю зіму ў «сталоўцы» Толіка было поўна гасцей. Тут былі і снегіры, і сінічкі, і вераб’і. Аднаго разу нават сарока завітала да Толікавай кармушкі. I Толік не мог парадавацца на сваіх вясёлых крылатых гасцей. Ён гатоў быў гадзінамі стаяць ля акна і любавацца птушкамі. Больш за ўсіх яму, вядома, падабаліся чырванагрудыя прыгажуны – снегіры. Калі яны прыляталі, хлопчыку здавалася, што ў сад прыйшла вясна і на дрэвах расцвілі дзівосныя ружовыя кветкі.\\ А неўзабаве вясна і сапраўды прыйшла. З цёплым ветлівым сонейкам, з вясёлымі звонкімі капяжамі, з першымі пралескамі. I ўсе радаваліся яе прыходу, расчынялі насустрач ёй вокны. Адзін толькі Толік хадзіў невясёлы. Ужо трэці дзень на яго кармушку не прыляталі снегіры. «I куды толькі яны падзеліся?» – уздыхаў Толік.\\ – Не бядуй, сынок, зімой яны зноў прыляцяць на нашу кармушку, – пацяшала Толіка мама. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/ядвіга-бяганская]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-сланечнікі]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-новенькая]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-міколкава-ялінка]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-пра-казачных-чалавечкаў]]