~~META: title = Ядвіга Бяганская — Сябры &keywords = толік, міхась, настаўніца, школу, мама, толіка, горкае, лякарства &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Сябры" &iftrue = True ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Сябры ====== Міхась і Толік жылі на адной вуліцы, але не ведалі адзін аднаго. Пазнаёміліся яны першага верасня, калі прыйшлі вучыцца ў школу. Пазнаёміліся і пасябравалі. Цяпер яны ходзяць у першы клас «А», сядзяць за адной партай і дня адзін без аднаго не могуць пражыць. Усё ў іх агульнае – і снеданне, і алоўкі, і пластылін, і цацкі. Усім яны дзеляцца, нічога адзін аднаму не шкадуюць.\\ Калі мама, выпраўляючы Міхася ў школу, дае яму снеданне, ён заўсёды пытае:\\ – А пра Толіка ты не забылася?\\ – Не забылася, не забылася, – усміхаецца мама.\\ Toe самае гаворыць сваёй маме і Толік.\\ – Міхась і Толік – добрыя сябры, – кажа настаўніца, і ніхто не пярэчыць ёй, бо ўсе бачаць, што Толік і Міхась адзін за аднаго гатовы ў агонь і ў валу пайсці.\\ Паставіла неяк настаўніца Міхасю двойку за тое, што ён неахайна хатняе заданне выканаў, дык Толік падышоў да яе, падаў свой сшытак і кажа:\\ – Калі вы Міхасю двойку паставілі – стаўце і мне.\\ – А навошта ж табе? – смяецца настаўніца. – Ты ж стараўся, напісаў чыста, правільна.\\ – Усё роўна пастаўце.\\ Аднаго разу Толік не прыйшоў у школу, і Міхась сядзеў за сваёй партай сумны-сумны. Нават любімыя цукеркі «Тузік» здаваліся яму зусім не смачнымі, і вінаград таксама.\\ Адзін урок прайшоў – няма Толіка, другі прайшоў – няма, а пасля трэцяга Міхась не вытрымаў, сабраў паціху свае кніжкі, выйшаў са школы і пабег да сябра.\\ – А дзе ж Міхась? – запытала настаўніца на апошнім уроку.\\ Паглядзелі дзеці, і сапраўды няма Міхася, парта пустая.\\ – Мусіць, да Толіка пабег, – сказаў нехта.\\ Нічога не сказала настаўніца, толькі галавой паківала. Хіба ж можна без дазволу настаўніцы пакідаць школу.\\ А Міхась тым часам прыйшоў да Толіка, а той ляжыць у пасцелі. Горла ў яго завязана, галава баліць.\\ – Ну, сынок, давай піць лякарства, – кажа мама, падыходзячы да ложка.\\ – Ой, мамачка, яно ж такое горкае, – ледзь не плача Толік.\\ – Пі, пі, сынок, а то доўга будзеш хварэць і школа па табе засумуе.\\ Толік і сам сумуе па школе. Усяго толькі адзін дзень ляжыць у ложку, а ўжо не можа дачакацца, калі пойдзе ў свой першы клас. Цікава ў школе, весела.\\ – Давай вып’ем гэта горкае лякарства разам: палову я, а палову ты, – шапнуў Міхась, калі мама наліла ў шкляначку нейкай жоўтай вадкасці і адышла ад ложка.\\ – Давай, – згаджаецца Толік.\\ Лякарства і сапраўды вельмі горкае, але Міхась церпіць і выгляду не падае, што піць яго гідка.\\ – Ну, а цяпер ты, – адпіўшы палову, кажа ён сябру. – Яно не такое ўжо і горкае, пі ды папраўляйся хутчэй.\\ Толік крывіцца, заплюшчвае вочы і падносіць да рота шклянку. Лякарства і сапраўды здаецца яму менш горкім. Ён здзіўлена глядзіць на Міхася, усміхаецца і гаворыць:\\ – Мусіць, я таму і захварэў, што ўчора ўсю порцыю марожанага сам з’еў, цябе не пачакаў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>яблыкі-6051]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-дружбакі]] * [[ibdc.ped>самыя-блізкія-сябры]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-пра-казачных-чалавечкаў]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-новенькая]]