~~META: title = Ядвіга Бяганская — Маленькі капітан &keywords = андрэйка, караблік, дзядуля, маленькі, возера, ручай, усклікнуў, сцяжок, вова, толік, дзеці, капітан, чырвоны &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Маленькі капітан" &iftrue = True ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Маленькі капітан ====== Вось і вясна прыйшла. Сонейка выпусціла на волю усе свае праменні і праменьчыкі, і яны пачалі будзіць зямлю ад доўгага зімовага сну.\\ Зацырыкалі весела вераб’і ў падстрэшшы, зазелянела траўка на праталінках; зазвінелі, заспявалі вясёлыя веснавыя ручаінкі.\\ – Дзядуля, зрабі мне караблік, – папрасіў Андрэйка. – Я яго на ручай пусціць хачу.\\ – А з чаго мы яго рабіць будзем? – запытаў дзядуля.\\ – З паперы, вядома, – сказаў Андрэйка.\\ – Ну, які гэта карабель з паперы? Ён жа адразу размокне, патоне. Бяжы лепш пад павець ды прынясі кавалачак сасновай кары. З яе мы і зробім табе караблік.\\ Андрэйка запляскаў ад радасці ў ладкі і, бразнуўшы дзвярыма, выбег з хаты.\\ – Вось, дзядуля! – праз хвіліну вярнуўся ён з двара і паклаў на стол некалькі кавалкаў сасновай кары.\\ – Тут, браце мой, на цэлую флатылію будаўнічага матэрыялу хопіць, – пажартаваў дзядуля і дастаў з кішэні свой адмысловы сцізорык.\\ Агледзеўшы па парадку кожны кавалак кары, дзядуля спыніўся нарэшце на адным з іх і ўзяўся за работу.\\ Неўзабаве караблік быў гатовы. Маленькі, зграбны, ён стаяў на стале, і Андрэйка не мог адвесці ад яго зачараваных вачэй. Караблік меў і капітанскі мосцік, і прасторную палубу, і высокія мачты, на адной з якіх вісеў маленькі чырвоны сцяжок.\\ – А як жа без капітана? – запытаў Андрэйка і заклапочана паглядзеў на дзядулю.\\ – I праўда, як жа гэта без капітана? – у тон унуку сказаў дзядуля.\\ – Я прыдумаў! – усклікнуў раптам Андрэйка і ўсхапіўся з месца.\\ Не паспеў дзядуля што-небудзь уцяміць, як Андрэйка паставіў перад ім скрынку са сваімі даўно забытым! цацкамі і, пакорпаўшыся ў ёй, дастаў маленькага матроса з пластмасы.\\ – Вось! – радасна ўсклікнуў Андрэйка. – Ён будзе нашым адважным капітанам.\\ Прымацаваўшы капітана на капітанскім мосціку, Андрэйка яшчэ раз агледзеў свой караблік і пабег з ім на вуліцу. Тут да Андрэйкі далучыліся Толік і Вова.\\ Ручай іскрыцца, бруіць на вясновым сонейку. Які ён быстры, які вясёлы! Андрэйка асцярожна апускае на ваду свой маленькі, лёгкі караблік, і той, падхоплены імклівым патокам, плыве, трапеча чырвоным сцяжком. Бяжыць за ім і Андрэйка са сваімі сябрамі.\\ А вось і возера. Яно цяпер шырокае-шырокае, нават берагоў не відаць. Да яго і спяшаецца імклівы ручай з Андрэйкавым караблікам.\\ – Глядзіце, колькі чаек! – усклікнуў Вова.\\ – Гэта яны рыбу ловяць, – сказаў разважлівы Толік.\\ Заглядзеліся дзеці на возера, на белакрылых чаек і забыліся пра ўсё на свеце. «Ой, а караблік?» – успомніў раптам Андрэйка. Ён акінуў вачыма ручай і ўбачыў ля самага возера запаветны чырвоны сцяжок.\\ – Караблік! Караблік! – усклікнуў Андрэйка і кінуўся да возера. Следам за ім заспяшаліся і яго сябры. Але не паспелі яны дабегчы да вады, як караблік падхапіла хваляй і адкінула ад берага.\\ Дзеці замітусіліся, закрычалі. Толік нават ускочыў у халодную ваду, каб схапіць караблік. Ды дзе там! Хвалі ўсё далей і далей гналі яго, і чырвоны сцяжок на мачце то ўзлятаў уверх, то знікаў з вачэй.\\ I раптам...\\ – Глядзіце, глядзіце, чайка хоча схапіць караблік! – усклікнуў Вова.\\ I сапраўды, адна з белакрылых птушак, што кружыліся над возерам, заўважыла маленькі Апдрэйкаў караблік і каменем кінулася ўніз.\\ Андрэйка ажно вочы заплюшчыў.\\ – Яна ляціць сюды, на наш бераг! – закрычалі дзеці і кінуліся туды, дзе сярод узбярэжных камянёў апусцілася чайка. Заўважыўшы хлопчыкаў, птушка ўзмахнула вялікімі белымі крыламі і паляцела прэч.\\ – Капітан! Мой капітан! – радасна ўсклікнуў Андрэйка, убачыўшы на пяску сярод водарасцей маленькага пластмасавага матроса. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-новенькая]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-пра-казачных-чалавечкаў]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-міколкава-ялінка]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-сланечнікі]] * [[постаці/ядвіга-бяганская]]