~~META: title = Ядвіга Бяганская — Аленчыны канькі &keywords = аленка, ганя, коўзацца, янка, бойся, канькі, руку, каток &abstract = Чытаць апавяданне Ядвігі Бяганскай "Аленчыны канькі" &iftrue = nan ~~ ====== Ядвіга Бяганская — Аленчыны канькі ====== На школьным двары залілі вялікі каток, і цяпер з самага ранку тут стаіць вясёлы гоман і смех.\\ Аленка з зайздрасцю назірае, як спрытна коўзаюцца аднакласнікі, якія фігуры выкручваюць на лёдзе. "Былі б у мяне канькі, я таксама не горш коўзалася б", – думае яна. Але канькоў у Аленкі няма. Ды і спадзявацца пакуль што не прыходзіцца: трэба справіць паліто старэйшай сястры, падрамантаваць кватэру…\\ – Чаму ты прыйшла на каток без канькоў? – цікавіцца Юрка.\\ Дзяўчынка не адказвае. Навошта?\\ – Хадзем, Аленка, я дам свае, – кажа, спыняючыся каля іх, Ганя.\\ – А я цябе навучу коўзацца, – дадае Янка.\\ Аленка з удзячнасцю глядзіць на сяброў, і на яе твары ўспыхвае ўсмешка.\\ Яны падыходзяць да лаўкі. Ганя скідвае свае чаравікі з канькамі і, усунуўшы ногі ў Аленчыны боцікі, дапамагае ёй абуцца.\\ – Я ж коўзацца зусім не ўмею, – збянтэжана кажа Аленка, трымаючыся за Янкаву руку.\\ – Навучышся, гэта проста, – падбадзёрвае Янка і, сціснуўшы мацней Аленчыну руку, падае каманду:\\ – Правай-левай! Правай-левай!\\ Зрабіўшы некалькі кругоў, Янка раптам выпускае яе руку:\\ – Ну а цяпер сама. Ды ты не бойся, не бойся!\\ – Ой! – палохаецца Аленка. Правая яе нага ўцякае ўперад, а левая чамусьці адстае, і дзяўчынка, узмахнуўшы рукамі, падае.\\ – Не бойся, яшчэ крыху павучымся, – смяецца Янка, і яны зноў коўзаюцца разам.\\ – Ну як, падабаецца? – пытае Ганя, калі Аленка з Янкам спыняюцца.\\ – Вельмі, – усміхаецца Аленка і пачынае расшнуроўваць чаравікі.\\ – Папрасі, каб і табе маці купіла канькі, – кажа сяброўцы Ганя. – Будзем разам коўзацца.\\ – Хіба пазней, – уздыхае Аленка і расказвае Гані пра свае хатнія клопаты.\\ – Ну, то прыходзь заўтра. Будзем на маіх па чарзе коўзацца.\\ Цяпер Аленка штовечар прыходзіць на каток. Ганя, угледзеўшы яе здалёк, спяшаецца насустрач. А з ёю Марынка, і Зося, і Верачка. Яны нават спаборнічаюць: хто першы ўгледзіць Аленку, той першы і канькі свае ёй аддае. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/ядвіга-бяганская]] * [[ibdc.ped>на-каньках]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-пра-казачных-чалавечкаў]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-новенькая]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-сланечнікі]]