Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:юрась-свірка:юрась-свірка-словы

Гэта старая версія дакумента!


Юрась Свірка — Словы

У нас сваіх хапае слоў
Крамяных,

росных,

васільковых

Ад мурагоў і ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.

У нас хапае слоў сваіх
(Іх пазычаць няма патрэбы)
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбіні улетку неба.

Сваіх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
І заклікаюць на змаганне.

У нас хапае слоў такіх
Чысцюткіх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку і каханне.

Хапае слоў і гаманкіх,
І мяккіх, як у лузе травы,
І, чуйна слухаючы іх,
Запамінай не для забавы.

У нас хапае рэдкіх слоў,
І палюбі ты іх бязмежна.
Яны ад чысціні снягоў
І ад пялёсткаў беласнежных.

Яны ўвабралі звон крыніц,
Шум лесу і дыханне ночы…
Ад ліўняў і ад навальніц –
Грымяць, іскрацца і шапочуць.

Журыцца ўмеюць і звінець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Іх трэба сэрцам разумець
І ўмець знаходзіць у народзе.

Падобныя старонкі

  • юрась-свірка/юрась-свірка-яшчэ-раз-пра-маці
  • алесь-бадак/алесь-бадак-як-стаць-чараўніком
  • юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам
  • сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-словы
  • алег-лойка/алег-лойка-два-шчырых-словы
творы/юрась-свірка/юрась-свірка-словы.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki