~~META: title = Юрась Свірка — Верны крэўнаму брацтву &keywords = народу, мора, павучыцца &abstract = Чытаць верш Юрася Свіркі "Верны крэўнаму брацтву" &iftrue = nan ~~ ====== Юрась Свірка — Верны крэўнаму брацтву ====== Ёсць чаму, ёсць чаму\\ І ў народа майго павучыцца:\\ Як змагацца з чужынцам\\ Суровай парой.\\ Ёсць за што, ёсць за што\\ І народу майму ганарыцца:\\ Не хадзіў і не лез ён\\ На землі чужыя вайной. І сябе не лічыў ён ніколі выключным.\\ «Болей дбай пра сябе!» –\\ Спачувалі народы яму.\\ І цаніў ён заўсёды,\\ Братэрскую еднасць і лучнасць,\\ Добра ведаў народ мой:\\ Не выжыць ніяк аднаму. Вырываўся ён з цемры,\\ Прыгнёту, галечы і гора.\\ Не адстаць ад суседзяў!\\ Спатыкаўся, наперад ішоў.\\ І дарма, што ў свой час\\ (Хоць хацеў) не прабіўся да мора –\\ Мора лёну ў яго,\\ І разлівы лугоў,\\ І бязмежжа лясоў. Быў адданы спрадвеку\\ Славянскаму крэўнаму брацтву,\\ З ім дзяліўся усім,\\ Што ў стагоддзях займеў.\\ Яго роднаю мовай\\ Гаварыла Вялікае княства,\\ А пасля без яе, незаменнай,\\ Марнеў і нямеў. І маўчанню яго, і цярплівасці\\ Можна здзівіцца.\\ Кажуць, доля такая:\\ Пазначана войнамі скрозь.\\ Ёсць чаму, ёсць чаму\\ І народу майму павучыцца,\\ Каб пакутліва крыўду на лёс свой\\ У вечнасць не нёс. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-яшчэ-раз-пра-маці]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-сняжок]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-свята]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-ласіны-стажок]]