~~META: title = Юльюш Славацкі — Гімн &keywords = Божа, сумна, знаю, сонца &abstract = Чытаць верш Юльюша Славацкага "Гімн" &iftrue = nan ~~ ====== Юльюш Славацкі — Гімн ====== Сумна мне, Божа! Хоць ты прада мною\\ Пурпурам захад заліў прамяніста,\\ Гасіш падсіненай хваляй марскою Зорак маніста, Мора і неба залоціш прыгожа. – Сумна мне, Божа! \\ Я, як той колас, што выплакаў зерне,\\ Голаў узняўшы, стаю ля заліва.\\ Пройдзе тутэйшы і ўвагі не зверне: Выгляд шчаслівы. Хто ім тут я – пілігрым перахожы? Сумна мне, Божа! \\ Як дзіцянё, не хаваючы жалю,\\ Тужыць па маці, так з жалем гляджу я\\ На небакрай, дзе, скаціўшыся ў хвалі, Сонца начуе. Як бы хацеў з ім і я ў падарожжа! – Сумна мне, Божа! \\ Сёння у плаванні ў моры вялікім –\\ Сто міль ад берага Нільскай даліны –\\ Ранілі ў сэрца мне мілыя клікі Стай жураўліных, Можа, дзе ў Польшчу ляцяць яны, можа. Сумна мне, Божа! \\ Частыя думы аб блізкай магіле,\\ Сум і туга па бацькоўскаму дому.\\ Гнаны вандроўнік – лічу свае мілі Ў грукаце грому. Вечна ў хадзе – на шляхах, раздарожжах... Сумна мне, Божа! \\ Ты будзеш сведкай: злажу свае косці\\ Не пад плітой мармуровай у склепе.\\ Тым, што спачылі на родным пагосце, Сто разоў лепей. Мне ж ты судзіў неспакойнае ложа. Сумна мне, Божа! \\ Знаю, штодзень на радзіме сіротка\\ Моліцца шчыра па мне без прывету.\\ Знаю, не ў край мой плыве мая лодка З белага свету. Мабыць, маленне яе не паможа, – Сумна мне, Божа! \\ Гэтыя фарбы шматлікіх адценняў,\\ Гэтае зарыва з далі крывавай\\ I праз стагоддзі другім пакаленням Будуць забавай. Хто ж прымірыцца з нікчэмнасцю зможа? Сумна мне, Божа! \\ //Напісана на захадзе сонца ў Александрыі// //19 кастрычніка 1836// //\\ \\ Пераклад Язэпа Семяжона// \\ \\ Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 862 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юльюш-славацкі/юльюш-славацкі-мой-тастамант]] * [[творы/юльюш-славацкі/жыццёвы-шлях-і-творчасць-юльюша-славацка]] * [[слоўнік/гімн]] * [[творы/юльюш-славацкі/юльюш-славацкі-песня-дзяўчыны-казачкі]]