~~META: title = Эліза Ажэшка — Нізіны &keywords = бахрэвіч, адвакат, салдат, капроўскі, хрысціна &abstract = Чытаць кароткі змест аповесці Элізы Ажэшка "Нізіны" &iftrue = nan ~~ ====== Эліза Ажэшка — Нізіны ====== «Нізіны» (1884, першапачатковая назва «Танная невялічкая кніжка для люду»). Героі аповесці – батракі, што жывуць у чацвяраках (сялянскай хаце, разбітай на чатыры часткі), па дзве сям’і ў кожным. У цэнтры пісьменніцкай увагі – сялянка Хрысціна, якая мае двух сыноў Піліпку і Антоську. Іх бацька, аканом Стафан Бахрэвіч, некалі кахаў яе, некалькі разоў праганяў засланых да яе сватоў, але розум атрымаў перамогу над сэрцам: Стафан ажаніўся са шляхцянкай Мадзяй, дачкой асэсара (паліцэйскага). Піліпку забіраюць салдаты, Бахрэвіч адмаўляе Хрысціне ў дапамозе. Па навучанні былога салдата Мікалая, пасрэдніка адваката Капроўскага, Хрысціна ўсе грошы аддае на вызваленне сына (свае, Піліпавы, Антосевы), аднак марна. Карцёжнік і гуляка Капроўскі нават не пачынаў займацца яе справай. У фінале аповесці Хрысціна атрымлівае развітальны ліст ад сына, ёй усё становіцца зразумела. Пачцівы і добры малодшы сын Антоська, даведаўшыся, што маці растраціла і яго грошы (меў намер ажаніцца, стаць гаспадаром), абражае жанчыну, падымае на яе руку, накіроўваецца да карчмы – лёс яго прадвызначаны.\\ Да адваката звяртаецца Ясюк Гарбар, у якога дзядзька адабраў зямлю, а пазней і сам дзядзька Паўлюк, багацейшы за пляменніка, можна меркаваць, што справа вырашыцца на карысць апошняга. Ясюк улез у пазыку, з адчаю і злосці пацягнуўся да гарэлкі, моцна збівае дзядзьку (нават паслалі за паліцыяй). Яшчэ адна сюжэтная лінія: узаемаадносіны Карольці Бахрэвіч з Людвікам Капроўскім. Адвакат падманвае дзяўчыну і адмаўляецца ад аканомавай дачкі, як некалі Бахрэвіч адмовіўся ад сялянкі.\\ У гэтым творы паказана зараджэнне капіталістычных адносін у вёсцы. Так салдат Мікалай і адвакат Капроўскі заключылі паміж сабой дамову, па якой салдат атрымлівае частку грошай з кожнага кліента. Паказваецца і першапачатковае накапленне капіталу: адвакат Капроўскі, асобы, на якіх ён хоча быць падобным. Праблема сацыяльнай няроўнасці, шлюба па разліку, адплаты за свае ўчынкі (Бахрэвіч і Хрысціна, Бахрэвіч і Мадзя, Бахрэвіч-Карольця-Капроўскі).\\ Ажэшка паказвае сваіх герояў ў сітуацыі безвыходнасці, раскрывае трагізм лёсаў простых людзей. Выразна адчуваюцца адносіны пісьменніцы да персанажаў: з іроніяй, сарказмам яна апісвае жонку і дачок Бахрэвіча, адваката, з цеплынёй і спагадай стварае вобразы сялян. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/эліза-ажэшка/эліза-ажэшка-над-нёманам]] * [[постаці/эліза-ажэшка]] * [[творы/эліза-ажэшка/творчасць-элізы-ажэшкі]] * [[творы/эліза-ажэшка/эліза-ажэшка-раманіха]] * [[творы/эліза-ажэшка/эліза-ажэшка-хам-аналіз-аповесці]]