~~META: title = Эдуард Валасевіч — Янот і Крот &keywords = крот, янот, крытыка &abstract = Чытаць байку Эдуарда Валасевіча "Янот і Крот" &iftrue = nan ~~ ====== Эдуард Валасевіч — Янот і Крот ====== Пра крытыку той-сёй пяе, як салавей,\\ Прыгожа, міла – толькі слухай,\\ Крытыкаваць яго ж пасмей –\\ Ён пракаўтне цябе, нібы сабака муху...\\ \\ Праходзіў у арцелі «Футра» сход...\\ З дакладам выступаў Янот,\\ Прыводзіў добрыя цытаты,\\ Казаў, якія прамарцель панесла страты,\\ Чаму не выканалі план\\ І як пазбегчы ўсіх заган.\\ Зрабіў ён лоўка справаздачу.\\ Спыніўся бегла на задачах\\ І, як заўсёды,\\ І дэмагогію аб крытыцы развёў.\\ О, тут язык яго, што млын, малоў:\\ – Смялей, браткі, бічуйце недахопы,\\ Каб крытыка ішла з нізоў,\\ Увагі не звяртайце на асобы,\\ Каб шэрсць ляцела з-пад зубоў.\\ Мы крытыку любіць і шанаваць павінны,\\ Бо гэта сродак верны і адзіны\\ Супроць чынуш, хапуг, балбатуноў,\\ Зладзюг і іншых марнатраўцаў...\\ – Вось гэта прынцыповы падыход, –\\ Аж загарэўся Крот,\\ Звярнуўшыся да Зайца, –\\ Даўно збіраўся я пагаварыць начысціню,\\ Што сам Янот усю сваю радню\\ Сабраў у нашую арцель.\\ Што ні работнік – то круцель;\\ Тут і бухгалтар, і рахункавод,\\ І кладаўшчык, і экспедытар.\\ Шарашкіна кантора, ды ўсё шыта-крыта...\\ І на трыбуну ўзняўся Крот.\\ Разнёс ён махляра\\ І махінацыі, якія ён з раднёй\\ Рабіў употай.\\ «Ну, – думаў Крот, – Яноту старшынёй\\ Ніколі не бываць».\\ Калі ж праўленне сталі выбіраць,\\ Вавёрка і Бабёр,\\ Лісіца\\ Ды Куніца,\\ А з імі Выдра, Тхор –\\ Усе гарою за Янота!\\ І нават Заяц, што Крату нядаўна спачуваў,\\ Паціху лапку ўгору узнімаў.\\ Аж вылаяўся Крот: «Ну і брыдота!»\\ \\ Што ж далей вы б пачуць хацелі?\\ Скажу, бо гэта не сакрэт:\\ Янот Крата прагнаў з арцелі,\\ Каб той не падрываў яго «аўтарытэт». ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>янот-паласкун]] * [[ibdc.ped>гісторыя-пра-крата-і-чалавека]] * [[слоўнік/крытыка-літаратурная]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-гэты-тоўсценькі-янот]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-крот]]