Убачыўшы, як з возам Конь кульнуўся,
Пляшывы Пень зарагатаў:
– Га-га-га-га! На чатырох капыллях не ўстаяў…
Як аб зямлю ты мордай разануўся!
Не Конь, а недарэка…
Вось я жыву амаль паўвека,
Але ні разу, бач, не спатыкнуўся.
– Ды што ты мне, Пяньчук, бурчыш?
Як спатыкнешся ты, калі ў зямлі тырчыш…
Але якая ад цябе выгода?
Так іншы копціць неба дзень у дзень –
І ні карысці ад яго, ні шкоды,
Не памыляецца, чысцюткі ён заўсёды,
Ну, не раўнуючы, – пляшывы пень…