~~META: title = Эдуард Валасевіч — Арэх і Жаба &keywords = арэх, жаба, ласунак &abstract = Чытаць байку Эдуарда Валасевіча "Арэх і Жаба" &iftrue = nan ~~ ====== Эдуард Валасевіч — Арэх і Жаба ====== Па лесе Жаба спакваля скакала\\ І пільна паглядала навакол,\\ Яна спажыву для сябе шукала,\\ А ў гэты час арэх упаў на дол.\\ – Паслаў мне Бог дарунак! –\\ Заквакала Жабоцька на ўвесь лес. –\\ Я чула, што арэх – далікатэс,\\ Найлепшы на зямлі ласунак!\\ Вось зараз я арэшак раскушу\\ І пасмакую, адвяду душу!\\ І, ў рот паклаўшы плод саспелы,\\ Яго паспрабавала раскусіць,\\ Напялася, ажно пазелянела,\\ Але з арэшкам анічога не магла зрабіць.\\ (Бо Жаба, ведама, зубоў не мела!)\\ І, выплюнуўшы вон знаходку з раздражэннем,\\ Раздзёрла\\ Горла,\\ Закрычала з абурэннем:\\ –Ды гэта ж смех,\\ Пусціў хтось выдумку, як падсадную качку,\\ Што цуд-прысмак лясны арэх,\\ А я й паверыла, дзівачка...\\ Ды гэна ж не ласунак – дрэнь!\\ \\ Так іншы пачынае абурацца,\\ Наводзіць цень\\ На ясны дзень,\\ Бо сам да сутнасці не можа дакапацца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-сонца-і-певень]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-жаба-ў-каляіне]] * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-мітрафан-і-дэльтаплан]] * [[ibdc.ped>жабіна-царства]] * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-шчупак-і-плотка]]