~~META: title = Эдуард Акулін — Шлях да Радзімы &keywords = Акулін, шлях, Радзіма &abstract = Чытаць акрапаэму Эдуарда Акуліна "Шлях да Радзімы" &iftrue = nan ~~ ====== Эдуард Акулін — Шлях да Радзімы ====== //акрапаэма// //Светлай памяці\\ Максіма Багдановіча// \\ **І** [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-санет-паміж-пяскоў-егі|Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі]],\\ Задоўга да народзінаў падання,\\ Народ, каб выжыць, не спыняў бадзяння, —\\ Гады наўслед барханамі плылі.\\ У іх пясках расталі міражамі\\ Усе, хто да ідэі не дарос,\\ Хто наракаць прывык на лёс—\\ Паўсталі ля аазісаў крыжамі...\\ I толькі смелыя не запынялі рух,\\ Таму што вера ім гаіла Дух.\\ Праз сотні год пакутаў і блукання\\ Ім давялося ісціну спазнаць—\\ Род немагчыма вынішчыць дазвання,\\ Што мову продкаў здолеў захаваць.\\ **ІІ** Над хвалямі сінеючага Ніла\\ Мая душа пакутвала ў суцьмені.\\ Змяніліся кагорты пакаленняў,\\ А веліч пірамідаў зноў дзівіла,\\ I мімаволі думкі варушыла\\ Аб людзях тых, што гэтае стварылі.\\ Даўно на плітах іх сляды астылі,\\ I пыл стагоддзяў іх зацерушыў.\\ Маўкліва сфінкс задумаўся аб нечым...\\ У зрэнках скамянелых дрэмле вечнасць.\\ Краса і сіла злітыя ў адно?..\\ Прыступкі для раптоўнага знікнення?..\\ Таго ў вачах нашчадкаў не відно,\\ Хто перад лёсам кленчыў на каленях.\\ **ІІІ** Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла,\\ Там, дзе калісьці працвітаў народ,\\ Што вечнасці раку хацеў уброд\\ Пераадолець— сілы не хапіла.\\ Ён бедным быў на дабрыню,\\ Каханне, літасць, гнеў і ласку,\\ Затое моцна верыў казцы\\ Пра ідэалаў вышыню....\\ I памяць загубіў ён, нібы звер.\\ Што з тым народам сталася цяпер?\\ Галіны адракліся каранёў,\\ Наіўна парадніўшыся з лістотай...\\ Гнеў боскі— д'яблавы праклён,\\ Не пакарай сляпы народ мой!\\ **ІV** У гаршку насення жменю там знайшлі\\ Два гурганы, і бойка пачалася...\\ I ў час той кожны з іх здаваўся\\ Сабе гаспадаром тае зямлі.\\ Вось глюга трэснула ў аднога,\\ 3 другога пер'е абляцела.\\ Аднак мірыцца не хацелі,\\ Нат кіпцюры рвучы з жывога.\\ Хто першы выйграе двубой—\\ Той для гісторыі— герой.\\ А зерне што— яно стаяла\\ На паўшляху да араллі...\\ А навакол вясна буяла,\\ Зачаццем мроілі палі.\\ **V** Хоць зернейкі засохшымі былі,\\ На першы погляд скамянелі,\\ Ды душы праведныя мелі,\\ А ў сэрцах— промні цеплыні.\\ Братазабойства не хацелі,\\ Сябе дазволілі дзяліць.\\ Каб бой смяротны супыніць,\\ У нівы розныя ляцелі...\\ Там прарасталі для другіх,\\ Кармілі, радавалі іх.\\ А Край радзімы стаў пустэчай,\\ А Край у роспачы канаў,\\ Ды не прыняў акцэнту Рэчы\\ I окаць голасна не стаў.\\ **VІ** Усё ж такі жыццёвая іх сіла\\ Вяла туды, дзе думкамі луналі,\\ Дзе іх аднойчы рукі адкапалі...\\ — Ізноўку ў цемру, назаўжды ў магілу?\\ Іх галасы гугнявыя пыталі.\\ Каб супыніць адвечны рух,\\ На скразняках выветрывалі дух,\\ Але дашчэнту памяць не забралі.\\ Тады народ лічы аблудным,\\ Калі народзіцца Іуда.\\ I стане спрытна, бы штукар,\\ I метадычна год за годам\\ Чужынцам прадаваць тавар—\\ За медны грош— душу Народа.\\ **VII** Збудзілася і буйна ўскаласіла\\ Спачатку думка, справа— потым.\\ I сонца гнеўна на куродым\\ Наўспрах палеткі спапяліла,\\ Як касінераў грамада\\ Няшчадна ворагаў касіла...\\ Ото народ— калі ёсць сіла...\\ Калі няма— тады бяда.\\ I блізкі дзень жаданы, судны,\\ Але жывы хадзіў Іуда...\\ Лукішкі. Пляц. Сіло і Воля. —\\ Бывай здароў, мужыцкі люд!\\ Я не дажыў да лепшай долі,\\ Нашчадкі вынесуць прысуд.\\ **VІІІ** Парой вясенняй збожжа на раллі\\ Ізноў чужыя грэлі рукі,\\ Ізноў каханне з-пад прынукі,\\ Ізноў самотныя палі.\\ I цені чорныя над пожняй\\ Ад крылаў чорных груганоў.\\ I гронка полацкіх званоў\\ Без языкоў— душой парожніх.\\ Ды ўжо з глыбінь зямных, памалу\\ Цягнуўся парастак— Купала.\\ Слабенькі, кволы, малады\\ Пераадольваў глыбы друзу...\\ Мігцелі знічкамі гады.\\ Блукалі ў цемры Беларусы.\\ **IX** Вось сімвал твой, забыты краю родны—\\ На ўзмежку жытнім сіні васілёк.\\ Чаму ж ён да сябе здалёк\\ Паэта вабіў, ад усіх гаротней...\\ Якая сіла ў ім, якія чары ?\\ На выгляд— дык звычайная былінка.\\ Ды ў той былінцы— сэрца палавінка\\ I аб Радзіме вольнай мары.\\ Зірні на слуцкія пасы...\\ Адкуль у іх бязмеж красы?\\ Рука нярушная на кроснах.\\ Узор разрэзаў шэры змрок.\\ Такі звычайны і дзівосны\\ Радзімы сімвал— васілёк.\\ **Х** Зварушаны нарэшце дух народны...\\ Ён як вясновы крыгаход,\\ Свой пачынаючы паход,\\ Спярша павольны і лагодны.\\ Ды нарастае пакрысе,\\ Аж покуль гром неверагодны\\ У дзень маёвы і пагодны\\ Мастоў стальных не затрасе.\\ Нібы запалкі, трэснуць палі,\\ I панясе ён гнеў свой далей.\\ Нарэшце выйдзе з берагоў,\\ Апошні раз у вал саб'ецца...\\ А там памкне разліў яго\\ Туды, куды ён сам імкнецца.\\ **XI** Я верую, бясплодна не засне\\ Ні зерне ў глебе, ні ў народзе слова.\\ Ад зерня— колас, а ад слова— мова\\ Народзіцца аднойчы, калі грэць\\ Ля сэрца самага жаданую надзею\\ Не на чужынца-дабрадзея,\\ А на сябе, самому спалымнець.\\ Згарэць наўспрах, аддаўшы цеплыню,\\ Світаннем ненароджанаму дню.\\ Табе не жаць, але здалей пасеяць.\\ Калоссе пад сярпамі зазвініць...\\ Жніво ў разгары. Ветах. Караткевіч.\\ У небе зорка зыркая гарыць.\\ **ХІІ** А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,\\ Калі рачулкі разам аб'яднаць,\\ I рэчышча нанова пракапаць.\\ Чысцейшай зробіцца тады вадзіца,\\ I рыбы будзе процьма, і лугоў,\\ Лягчэй намнога стане касавіца...\\ Шкада, ёсць верагоднасць памыліцца, —\\ I рэчку не заўважыш з берагоў.\\ I перасохнуць, назаўжды прычым,\\ I словы мовы, і крынічныя ключы.\\ Зямля палеская зажурана маўчыць,\\ Спавітая ў жалобныя туманы,\\ А гнюс сваё— усё крычыць,\\ I крык той— соль на сэрца раны.\\ **XIII** Каторая магутна, гучна мкне—\\ Не самая галоўная дарога.\\ Яна прыводзіць часта да знямогі\\ Ці да святла, але ў чужым акне.\\ А. іншы шлях забыты, непыхлівы,\\ А пойдзеш— і згадаеш, што знаёмы\\ I гэтыя ваконныя праёмы,\\ I позірк недаверліва-шчаслівы.\\ Здзіўлення перасіліўшы наіў,\\ Сябе ў наступніку пазнаеш ты сваім.\\ Завершан круг, ды не закончан рух,\\ I там, дзе мы знікаем для Сусвету,\\ Аднойчы нараджаецца наш Дух\\ У вершах найгаротнага з паэтаў.\\ **ХІV** Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца,\\ Нібыта зноў прыйшоўшы з небыцця,\\ Народжаны, прыкуты да жыцця,\\ Быццам да вобаду у коле спіца.\\ I колькі жыць яму— круціцца,\\ I доўжыць распачаты некім шлях,\\ Мінаць лаўжы, стаіўшы страх,\\ I лёсам пакручастым ганарыцца.\\ Які адкрыў нязведаныя сховы:\\ Зямлю бацькоў, зярняты роднай мовы.\\ Што падказаў той шлях адзіны,\\ Які змагчы— не поле перайсці...\\ Той шлях вяртання да Радзімы\\ Дай сілы, лёс, усім дайсці! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-радзіма-мая-дарагая]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[ibdc.ped>ганарымся-бацькаўшчынай]] * [[ibdc.ped>скарбы-нашай-радзімы]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]]