Эдзі Агняцвет — Яліна

Яна панураю здаецца:
Іголак колкіх не крані!
Але яліна мае сэрца,
Дзе ёсць агеньчык дабрыні.

На верхавіне чыжаняты
Глядзяць на неба з цёплай хаты
І сталі ўжо на край гнязда –
Паслухаць пеўчага дразда.

І ўжо спрабуюць голас самі,
Бацькі ім падарылі слых.
Шкада, не стануць салаўямі!
Яліна ж цешыцца з малых.

І на руках ёй гушкаць люба
Рухавых дзетак крыжадзюба.
Як промнік, асвятляе змрок
Жоўтагаловы каралёк.

А вось на спеўку прыляцелі:
Рабіннік з ліставых лясоў,
Заранка рассыпае трэлі,
Шыруе чарада шчыглоў.

Такога не пачуць увосень!
Мне выдаў месяц май білет –
На золку чую шматгалоссе,
Канцэрт на ўвесь зялёны свет!

Падобныя старонкі