~~META: title = Эдзі Агняцвет — Саўка за сталом &keywords = ляжаць, відэлец, лыжкі, Саўка &abstract = Чытаць верш Эдзі Агняцвет "Саўка за сталом" &iftrue = nan ~~ ====== Эдзі Агняцвет — Саўка за сталом ====== Ляжаць ля талеркі відэлец і нож.\\ Дзве чыстыя лыжкі ляжаць.\\ – Ну і што ж?\\ Ляжаць – хай ляжаць, іх не буду чапаць.\\ Яны ж не чапаюць мяне і маўчаць.\\ \\ З талеркі ён сёрбае крупнік – ой-ой!\\ Кавалачак мяса хапае рукой.\\ Ён пальцамі ловіць у шклянцы кампот,\\ Абрусам ён выцер і шчокі і рот.\\ \\ Відэлец не ўцерпеў:\\ – За цэлы мой век\\ Мне трапіўся першы такі чалавек!\\ Ускочыла лыжка і ну рагатаць:\\ – Хі-хі, ха-ха-ха, ён дурненькі, відаць!\\ \\ А нож узлаваўся і тупнуў нагой:\\ – Давайце паслужым мы справе другой!\\ Пакінем яго аднаго за сталом,\\ А самі запішамся ў ме-та-ла-лом!\\ \\ Саскочылі разам яны са стала –\\ Ніякая сіла спыніць не магла.\\ Відэлец, і лыжка, і нож – ля дзвярэй.\\ Збянтэжыўся Саўка:\\ – Чакайце, э-гей!\\ \\ А тыя ляцяць, азірнуцца не хочуць.\\ – Хі-хі, ха-ха-ха! – толькі лыжкі рагочуць.\\ Бяжыць недарэка з пустымі рукамі…\\ Чым скончыцца ўсё? Вы прыдумайце самі. \\ \\ 1974 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-хто-пачынае-дзень]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-ціхі-вечар]] * [[постаці/эдзі-агняцвет]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-маме]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-зямля-з-блакітнымі-вачамі]]