Эдзі Агняцвет — Музыка лесу

Зялёную форму
Надзелі лясы;
Умытыя ліўнем,
Растуць верасы.

Прыслухаўся вецер –
Стары дырыжор:
Ці сёння гатовы
Салісты і хор?

Спачатку на клёнах
Зайгралі лісты,
Азваліся травы,
Густыя кусты.

І сосны на скрыпках
Зайгралі ў адказ,
І дуб адгукнуўся –
Лясны кантрабас.

І нельга, і нельга
Маўчаць спевакам –
Шчыглам, берасцянкам,
Вясёлым драздам!

І, выдумшчык самых
Спакуслівых нот,
Спяваў салавейка
Ўсю ноч навылёт.

Падобныя старонкі