~~META: title = Эдзі Агняцвет — Буду настаўнікам &keywords = санька, дзеці, верас, пісаць &abstract = Чытаць верш Эдзі Агняцвет "Буду настаўнікам" &iftrue = nan ~~ ====== Эдзі Агняцвет — Буду настаўнікам ====== Санька любіць дом і дворык –\\ Свой былы дзіцячы сад.\\ Тут прыручваў дзвюх вавёрак,\\ Маляваў і дождж, і град.\\ \\ I кармушку для сініцы\\ Майстраваў ён пад вярбой.\\ Слухаў казкі чараўніцы,\\ Выхавацелькі сваёй.\\ \\ А цяпер сюды прыводзіць\\ Санька меншую сястру.\\ А яна тут карагодзіць,\\ Ляльцы пацеркі знаходзіць,\\ Боты шые камару.\\ \\ ...Раз сабраўся тут гурточак,\\ Дзеці ўселіся радком,\\ Расказаць ім Санька хоча –\\ Палюбіў ён школьны дом.\\ \\ I свая тут чараўніца\\ Ёсць у першым класе «Б».\\ – Я магу тут навучыцца\\ Бачыць свет вакол сябе.\\ \\ Перад намі – кветкі, травы –\\ Верас, мята, васілёк!\\ Вольга Паўлаўна ласкава\\ Пачынае свой урок:\\ \\ – Гляньце, родныя, на верас,\\ Трэба кветку змаляваць.\\ Тут побач, на паперы,\\ Слова будзеце пісаць.\\ \\ Атрымаецца, што кожны\\ I мастак, і грамацей! –\\ Размаўляць, пісаць прыгожа\\ Навучае ўсіх дзяцей.\\ \\ З беларускай шчырай мовай\\ Ладзяць нашы галасы.\\ Эх, пяюцца самі словы:\\ – Бусел, верасень, лясы! \\ З Вольгай Паўлаўнай цікава.\\ Не злуецца, не крычыць.\\ Мы, як быццам для забавы,\\ Разам вучымся лічыць.\\ \\ А бяжым на перапынак,\\ Чуюць хлопчыкі наказ:\\ – Паважайце вы дзяўчынак –\\ Будуць паважаць і вас!\\ \\ Падрасту і ўсё згадаю,\\ Вашых слоў мне не забыць:\\ – Дзеці, кожнаму жадаю Чалавекам добрым быць!\\ \\ У няшчасці друг далёкі,\\ Трапіў у бяду сусед, –\\ Не глядзі спакойна збоку,\\ Памажы яму як след!\\ \\ Адкрывае школа цуды\\ Мне і ўсім маім сябрам.\\ Калі-небудзь, можа, буду\\ Я настаўнікам і сам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-настаўнікі-не-паміраюць]] * [[творы/уладзімір-шыцік/уладзімір-шыцік-настаўнік]] * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-першы-настаўнік]] * [[ibdc.ped>настаўнік-чарчэння]] * [[творы/іван-навуменка/іван-навуменка-настаўнік-чарчэння]]