~~META: title = Цішка Гартны — Сявец &keywords = ўставай, сявец, чакае, бяры, ураджай &abstract = Чытаць верш Цішкі Гартнага "Сявец" &iftrue = nan ~~ ====== Цішка Гартны — Сявец ====== Ўставай, сявец! бяры сяўню,\\ Аўса, вады давай у волю\\ Свайму ты вернаму каню\\ I ўжо рыхтуйся ехаць ў поле. Прыйшла вясна, і там цябе\\ Чакае вызвеўшая ніва;\\ Яна гатовая к сяўбе\\ Й сяўца чакае ўжо рупліва. За зіму ўспрэўшая зямля\\ Табе аддасць за працу многа!\\ Ўставай, сявец! Няхай сяўня\\ Не будзе пуста і убога. Рукой зярнят бяры паўней\\ Ды кідай мерна жменя ў жменю;\\ Са збожжам ў сэрцы думкі сей\\ Надзеі, волі, адраджэння. Ўставай, сявец! I тое знай,\\ Што думак глеба не абмане,\\ А дасць багаты ураджай\\ За пот праліты, за старанне. Ўставай, сявец! Ідзі, ары\\ Здзярнелай нівы твае гоні;\\ Прыйшоў твой час – ужо пара\\ Пачаць сяўбу яшчэ сягоння! \\ Капыль, 1909 \\ Крыніца: Гартны Ц. Збор твораў. У 4 т. Т. I: Вершы, 1909-1935. Апавяданні 1909-1927. Аўт. прадм. С. Александровіч. – Мн.: Маст. літ., 1987. – 438 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-спатканне]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зміцер-жылуновіч-штрэйкбрэх]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-свае-блінцы]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-трэскі-на-хвалях]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-думкі]]