~~META: title = Цішка Гартны — Каля бору сонца ходзіць &keywords = сонца &abstract = Чытаць верш "Каля бору сонца ходзіць" Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча) &iftrue = nan ~~ ====== Цішка Гартны — Каля бору сонца ходзіць ====== Каля бору сонца ходзіць\\ На высокіх ценкіх дыбах,\\ Чарадою цені водзіць\\ Па кустох – густых сядзібах –\\ \\ Даўгакосых,\\ Таўстаносых,\\ Цемнатварых,\\ Грозных, ярых\\ Лесуноў.\\ З-пад кустоў,\\ З тайных сховаў,\\ Вабам, зовам\\ На палянкі,\\ На гулянкі,\\ \\ На сустрэчу светлай ночы\\ Духаў скрытных зазывае\\ І ў сляпыя цемні-вочы\\ Сітам промень рассявае.\\ Вузкіх шляхаў выгіб ломкі\\ Машастовай рунню ўбраны,\\ І шнуруюць скокам ёмкім\\ Німфы-ведзьмі, феі-панны –\\ \\ На граніцу,\\ Да крыніцы,\\ На гулянне,\\ Як загляне\\ Маладзік;\\ Як з-пад пік\\ Стройных ёлак\\ Рысаў голак\\ Ў блутнай сетцы\\ Напляцецца\\ \\ І ўбярэ ваду крыніцы.\\ Гэй, хавайся, сонца, з неба!\\ Дай жа ночы-маладзіцы\\ Адчыніць сваю бяседу!\\ \\ Вось і месяц\\ З крэмню крэсіць –\\ Сыпле крэйду,\\ Меліць пэндзлем\\ Воду, бор.\\ Стада зор\\ У гала гоніць\\ І гамоніць\\ Шэптам лісцяў:\\ Гэй жа, выйсце\\ \\ На гулянку, на вяселле!..\\ Бор змаўкае – не шапоча,\\ Ралкай жаднай не шавеліць, –\\ На крыніцу ўстроміў вочы.\\ Ў вербалозах, ў пухкім моху\\ Завіліся карагоды;\\ Вадзянік адставіў лёху\\ У крыніцы спадысподу.\\ \\ Вір віруе\\ І шнуруе\\ Градкай лёгкай,\\ Стужкай вохкай\\ Грэбень хваль.\\ Плецень-валь\\ Дымкай шарай\\ Туліць твары\\ Фей-русалак,\\ Што ў прагалак\\ \\ Між кустамі над крыніцай\\ Распусцілі бросні-косы;\\ З хітрай мінаю глядзіцца\\ Ў іх лясун доўгавалосы.\\ \\ Жаб капэля\\ Іх вяселіць\\ Мнагалікім\\ Хорам-крыкам\\ Певуноў,\\ Покуль зноў\\ З па-над бору\\ Кроўным морам\\ Пачне ўсходзіць\\ І заводзіць\\ \\ Сонца спацыр жыццявейны,\\ Стаўшы ціха ўверх на дыбы…\\ І пражэцца крохкай ценню\\ Ўсё начовае – ў сядзібы.\\ \\ 1924, Капыль ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-спатканне]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-думкі]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зміцер-жылуновіч-штрэйкбрэх]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-трэскі-на-хвалях]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-свае-блінцы]]