~~META: title = Цётка — Сірацінка &keywords = сірацінка, горка, плач, страх, беларуская, дзяўчынка, сном, роднай &abstract = Чытаць верш Цёткі (Алаізы Пашкевіч) "Сірацінка" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Сірацінка ====== У кашульцы чорнай, зрэбнай.\\ Тварык сплаканы, мурзаты;\\ Ані бацькі, ані маткі;\\ Дзядзька выгнаў з роднай хаты.\\ \\ На узмежку сядзіць, плача, –\\ Куды дзецца – знаць не знае;\\ Гадок шосты пайшоў толькі...\\ А тут ночка... страх... змяркае...\\ \\ Не плач горка, сірацінка,\\ Беларуская дзяўчынка!\\ Спяць сном вечным бацька, матка, –\\ Не пачуюць ця, дзіцятка,\\ \\ Не памогуць твайму плачу,\\ Не траць сілы дарагія:\\ Жыта сіва спаць ця прыме,\\ Дожджык цёплы шчочкі змые,\\ \\ Пасцель мякку трава ўсцеле,\\ Пырнік ножкі ўкрые босы;\\ Сном забудзешся спакойным,\\ Вецер вольны спляце косы.\\ \\ Каласочак ця накорміць,\\ Сонка яснае прыгорніць,\\ Крыж расстайны будзе таткай,\\ Ралля чорна – роднай маткай.\\ \\ Ўстань з узмежка, не плач горка,\\ Глянь у неба: зорка ясна,\\ Што найдалей свеціць міла, –\\ Твая гэта, твая ўласна.\\ \\ Вер: не згінеш, сірацінка,\\ Беларуская дзяўчынка!\\ Ў нашым краю многа гэтак\\ Ў людзі выйшла сірат-дзетак...\\ \\ Мы належым да народу,\\ Што ад свету да заходу\\ Кожны з гора ўтрое гнецца,\\ Аднак гору не даецца.\\ \\ Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,\\ А ўсё ж верыць зорцы яснай.\\ Наш народ наўздзіў трывалы!\\ Шмат прыдбаў чужынцам славы...\\ \\ Аб сабе адно забыўся,\\ Толькі вось цяпер збудзіўся.\\ Хоць шмат латак, хоць без хлеба, –\\ Жыць і крэпнуць і нам трэба.\\ \\ Беларусы! Больш нікому\\ Не ўступайце вы загону\\ Свайго жніва, сваёй працы.\\ \\ Сіраціна! страх дзіцячы\\ Зглушы ў сэрцы, расці жвава –\\ Цябе жджэ народна справа!\\ \\ 1914 \\ Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]]