~~META: title = Цётка — Суседзям у няволі &keywords = нясу, нядолі, братам &abstract = Чытаць верш Цёткі (Алаізы Пашкевіч) "Суседзям у няволі" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Суседзям у няволі ====== Ад сваіх хат, ад сваіх ніў,\\ Ад усіх братоў, хто толькі жыў,\\ Нясу слязу, нясу я стогн,\\ Нясу нагаек царскіх звон.\\ У нас там ноч, у нас там стук,\\ Мы ацямнелі з страшных мук,\\ З нас пот ліецца, сохнуць грудзі.\\ Нас катуюць! Чуйце, людзі!\\ Чуйце, чуйце, руку дайце!\\ Мы вам родны. Праўду знайце:\\ Ці у долі, ці ў нядолі —\\ З вамі станем ў адным полі,\\ Рука ў руку з вашым братам\\ За свабоду перад катам.\\ \\ 1906 **Аналіз верша**:\\ Усведамляючы надыход расплаты за здзекі, што чыніліся прыгнятальнікамі праз доўгія стагоддзі, Цётка звяртаецца да братніх народаў, якія таксама пакутавалі ў няволі (Цётка пісала гэты верш, знаходзячыся ў эміграцыі на Украіне):\\ Паэтка-рэвалюцыянерка выяўляе ў гэтым вершы глыбокае разуменне падзей. Яна становіцца прапагандыстам ідэі адзінства інтарэсаў працоўных мас усіх нацыянальнасцей. Заруку поспеху ў барацьбе супраць царызму Цётка бачыць у яднанні народаў. Гэтыя ідэі яна выказвае настойліва, з запалам, ад чаго верш набывае выключную пранікнёнасць, усхваляванасць: «Чуйце, людзі! Чуйце, чуйце, руку дайце!»\\ Звяртаюць на сябе ўвагу ў вершы паэтычныя паўторы («Ад сваіх хат, ад сваіх ніў...»), якія ўзмацняюць эмацыянальную сілу звароту. Настойлівыя заклікі падмацоўваюцца прачулымі радкамі, у якіх паэтка запэўнівае братоў па нядолі ў глыбокай салідарнасці беларускага народа з імі.\\ Адрасаваны братнім народам верш «Суседзям у няволі» адначасова гучаў як баявая прысяга беларускага народа. Не адступацца, змагацца да канца! – вось што чуецца ў заключных радках.\\ Цётка адчувае сябе паўнамоцным прадстаўніком свайго народа, бярэ на сябе ўсю паўнату адказнасці за яго паводзіны ў рэвалюцыі. I калі недзе ў глыбіні яе душы ўзнікае насцярожанасць, сумненне, ці ўсе выйдуць на бітву з царызмам, з тым большай сілай і рашучасцю яна вядзе размову. Паэтка настойліва ўнушае і пераконвае, мякка запэўнівае, душэўна просіць. Кожны яе радок – крык душы чалавека, які зразумеў, што нельга ўпусціць гістарычны шанс.\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]]