~~META: title = Цётка — Сварба &keywords = Цётка, сварба &abstract = Чытаць апавяданне Алаізы Пашкевіч (Цёткі) "Сварба" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Сварба ====== Пасварыліся вясна з зімою, ну і давай адна адной на злосць рабіць.\\ — Я,— кажа вясна на зіму,— не буду з табой шмат гаварыць! За каўнер і так шпургану, што аж за лясамі ты ў мяне апынешся!\\ — Маўчы, маўчы,— бурчала белая зіма.— Хіба я цябе ў барані рог заганю, як сцісну, то аж табе вылезуць вочы.\\ Ну і пачалі адна адной наперакор рабіць. Зіма паўзе з марозам — вясна лезе з адлігай, і зноў няма парадку. Цярпелі людзі, цярпелі, а после давай сход рабіць, давай радзіць, на чыёй тут старане ім стаць. Адны казалі:\\ — Мы яшчэ не вымалацілі збожжа, не навазілі дроў, не адпачылі после летняй працы, хай пабудзе зіма.\\ Другія зноў крычалі:\\ — Вон зіму! Яна нас памарозіць; мы і так лапці патапталі, кажухі абадралі. Досыць нам яе; хочам вясны.\\ I немаведама, як то яно прайшло б на тым сходзе, каб не ўвайшоў старэнькі жабрак і не пачаў жаліцца на зіму.\\ Праўда: вушы былі абмарожаны, рукі пакрэпшы, світка рвана, сам ён дрыжаў ад холаду. Увесь сход закрычаў у адзін голас:\\ — Не хочам зімы! Хай вясна ідзе да нас!\\ Бедная зіма заплакала горка на людзей, слёзкі яе цяклі са стрэх, білі па абалонках1, разліваліся па зямлі, збягалі ў лужы, з лужаў у рэчкі, з рэчак у моры, з мораў у акіяны.\\ А вясна смяялася, строілася ў кветкі, гарцавала па палях, песцілася па садох, шчабятала з птушкамі, цалавалася з дзеткамі, аж пакуль не пасварылася з летам.\\ Хто цяпер абдалее, скажыце, дзеткі, самі.\\ \\ 1. па шыбах (заўвага аўтара) ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-з-прыску-ды-ў-агонь]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]]