~~META: title = Цётка — Мужык не змяніўся &keywords = Цётка, мужык, змяніўся &abstract = Чытаць верш Алаізы Пашкевіч (Цёткі) "Мужык не змяніўся" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Мужык не змяніўся ====== Дзевятнасце сотняў,\\ Як Езус радзіўся,\\ I за гэту пору\\ Мужык не змяніўся.\\ Пайшлі горы долам,\\ А долы гарамі,\\ Перасохлі моры\\ I сталі палямі.\\ А на гэтых полях\\ Камень пакрышыўся.\\ I за гэту пору\\ Мужык не змяніўся.\\ Знайшлі нову землю.\\ Порах раздабылі.\\ Сталі папер ткаці,\\ Літар насадзілі.\\ Нарабілі кніжак,\\ Людзям паказалі,\\ Ад "хамулы" вока\\ Толькі ключ схавалі.\\ Напісаў Капернік,\\ Што свет закруціўся.\\ I за гэту пору\\ Мужык не змяніўся.\\ Ax! Застаўся цёмны,\\ Як той лес зялёны,\\ Застаўся "хамула",\\ Усімі прыцяснены.\\ Людзі папсавалі\\ Свае душы, сэрцы,\\ Толькі "хам"застаўся\\ У чыстай спанцэрцы.\\ I Бог з неба глянуў,\\ Глянуў, здзіваваўся,\\ Што за гэту пору\\ Мужык не змяняўся.\\ – Ну, ты, – кажа, – сынку,\\ Прасі, што патрэба,\\ Усім адарую,\\ Усё пашлю з неба.\\ Я хачу, каб, сынку,\\ Ты больш не мучыўся,\\ Каб ты быў свабодны,\\ Згорам разлучыўся.\\ – О, дай ты мне, Божа,\\ Хаця нову хату,\\ Дай кабылу сіву\\ I жонку багату.\\ Дай кароўку з целем,\\ Свінку, курэй колькі,\\ Дай жыта, мы змелем,\\ I годзе, і толькі.\\ А за гэта дзякуй!\\ Буду сабе панам,\\ Разлучуся з горам\\ На век вякоў. Аман.\\ \\ 1903 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]]