~~META: title = Цётка — Мора &keywords = мора &abstract = Чытаць верш "Мора. Рэвалюцыя народная" Алаізы Пашкевіч (Цёткі) &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Мора ====== == (Рэвалюцыя народная) == Не такое цяпер мора, Не такі у хвалях шум: Цяпер бурна, страшна мора! Хваля поўна дзікіх дум. Мора вуглем цяпер стала, Мора з дна цяпер гарыць, Мора скалы пазрывала, Мора хоча горы змыць. Мора злуе, крэпнуць хвілі, З дзікім шумам бераг рвуць; Гром грыміць за вёрсты-мілі, З мора брызгі ў неба б'юць. Месцам хваля стогнам рыкне, Месцам плач сарвецца з губ, Месцам бераг болем ікне, Гром грыміць у тысяч труб. Мора зброіцца палкамі, Шум русалак разбудзіў, Запаліўся смок агнямі, Неба чорны гнеў пакрыў. Бог сярчае: злая бура Псуе вельмі святы сон. Б'ецца, рвецца ўся натура, Аж дрыжыць нябесны трон. Трон дрыжыць, не спяць прарокі, Бог склікае святы сход; А там радзяць, што аблокі Мусяць штурм пусціць у ход. Бой пачаўся. Войска бога Залпам паліць ў горды хвіль... Мільён згіне, — нова змога Расце крэпка праз сто міль. Растуць сілы мора злога, У размаху відзен гарт; Не адступяць войскі бога... Бой пачаўся не на жарт. Такі бой вякамі жджэцца, Такі бой гігантаў дасць, Ў такім баю толькі грэцца, Ў такім баю толькі пасць. \\ \\ Крыніца: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с. У вершы «Мора», які мае падзагаловак «Рэвалюцыя народная», паэтка стварыла алегарычны малюнак піку рэвалюцыйнай барацьбы. Разбуджаную стыхію народнага бунту яна ўвасабляе ў сімвале злавеснага, бурнага, нават палаючага мора:\\ Супрацьлеглая стыхія — неба; нябесны трон — сімвалічнае месцазнаходжанне абагоўленага цара. Атаясамліванне цара, якога трэба скінуць, з Богам не несла ў сабе ніякага антырэлігійнага зместу, а было адбіткам тыповага абагаўлення першай уладарнай асобы, якое звычайна культывавалася ў манархічнай дзяржаве і мела за адрасата просты народ. Сімвалічны бой паміж «морам» і «небам» апяваецца паэткай як смяротная, але жаданая схватка, у выніку якой нараджаецца новая эстэтыка гераічнага і ўзвышанага. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-з-прыску-ды-ў-агонь]]