~~META: title = Цётка — Мой сад &keywords = Цётка, сад &abstract = Чытаць верш Цёткі (Алаізы Пашкевіч) "Мой сад" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Мой сад ====== Стаіць мой сад пад белым цветам:\\ Нарцыс — стыдлівых поўны крас,\\ Звісае бэз ў акно букетам,\\ Тульпанаў куст расцвіў зараз.\\ \\ Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;\\ Вішнёва дрэва ў малацэ;\\ А там парэчка, там маліна,\\ А там мой граб малы расце.\\ \\ Люблю мой сад, як расцвітае,\\ Як салавей свой трэль вядзе,\\ Як цвет галінку прыгібае,\\ Як пчолка мёд адтуль нясе.\\ \\ Люблю мой сад ў маёвым ранку,\\ Як тоне ён ў расістай мгле,\\ Як ліпа шэпчацца пры ганку\\ I як зязюлька "ку-ку" шле.\\ \\ Люблю мой сад пад белым цветам,\\ Люблю, зялёным як стаіць;\\ Люблю, як грушы спеюць летам\\ I як работай ён кіпіць.\\ \\ Люблю мой сад у позну восень, —\\ Як плод звісае да зямлі,\\ Як голкі сыплюцца ад сосен,\\ Як залацяцца сліў лісткі.\\ \\ Люблю мой сад у крэпку зіму, —\\ Як у крышталах ўвесь дрыжыць,\\ Як дзяцел, сеўшы на галіну,\\ Зімову песню загудзіць.\\ \\ 1905-1906 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]]