~~META: title = Цётка — Лес &keywords = лес, высокі, дрыжыць, гром, дуб, кветкам, град, голлях &abstract = Верш Цёткі "Лес" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Лес ====== Высокі лес, шумі-скрыпі,\\ Расу хавай,\\ Ў раку ўлівай;\\ Грыбы расці,\\ Не дай цвісці\\ Жалобным кветкам.\\ \\ Нясі палеткам\\ Свой доўгі дзень,\\ Кладзі на пень\\ Ў гірлянды мох,–\\ Сцялі пасцель,\\ Каб кожны мог\\ Прылегч спаць.\\ Высокі лес, ці чуеш гром,\\ Як ён злуе са ўсіх старон?\\ Як па дуплах дрыжаць зязюлі?\\ Як хмара з хмарай пайшла ў гулі?\\ Тарахнуў гром.\\ Маланка паліць\\ На вугаль чорны ўвесь гарэх.\\ А во і град па голлях смаліць,\\ А во на злосць, а во на смех\\ Пярун натрое дуб разбіў.\\ \\ А во пяць елак зачапіў\\ Круцясты віхар,\\ Гне іх ўдвое.\\ А во ў гняздо якраз абое\\ Упалі буслы;\\ Пішчаць іх дзеці.\\ А во нямаш куды падзеці\\ Кустоў маліны перад бурай.\\ А во і зайчык дрыжыць скурай.\\ На кветках пчолак град пабіў.\\ Пазёмкі з купін дожджык змыў.\\ Усё хаваецца, дрыжыць,\\ Усенек лес цямненькім стаў.\\ Па голлях шум;\\ У лесе штурм.\\ На землю сцелецца навал.\\ \\ Высокі лес, гусценькі лес,\\ Іскрыцца бела шата.\\ Ў крышталях іва,\\ Бяроза сіва,\\ Ў мароз прыбрата,\\ Чакае свята.\\ Зялёна елка –\\ Быццам з пудэлка.\\ Стаіць ў дрымоце\\ Дубок пры плоце.\\ Кусток каліны\\ Абпёр галіны\\ На трухлай тоўстай борці.\\ Заціхлі песні\\ Ў лістах цярэсні.\\ У гнёздах пуста,\\ Дзе было густа\\ Птушак вясною.\\ Дзятва лясная\\ Да нас злятае\\ З цёплага краю,\\ Аж з-за Дунаю.\\ Сойка зімуе,\\ Цецер такуе,\\ Дзяцел такоча,\\ Сава рагоча,\\ Верабей ля хаты,\\ Смецюшок чубаты,\\ Ды сястра-сінічка –\\ Нашы вечны госці.\\ \\ 1905-1906\\ \\ Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]]