~~META: title = Цётка — Гутаркі аб птушках &keywords = жаваранак, дзеткі, дзед, дзедулёк, жаваранкі, дзеці, юзюк, жэўжыкі, дзядуля, боты, дзеда &abstract = Чытаць апавяданне Алаізы Пашкевіч (Цёткі) "Гутаркі аб птушках" &iftrue = True ~~ ====== Цётка — Гутаркі аб птушках ====== (Жаваранак) Сцюдзёна яшчэ малым дзеткам у хаце: большую палову дня жэўжыкі шыюць каля печы. Праўда, дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам вялікім, што за рэчкай стаіць.\\ – Ужо прыйшла б, – кажа дзед, – але надта змучылася, ідучы здалёку, дык прылягла крыху на прыгорку і адпачывае.\\ – А як, дзядок, вясна выглядае? Да каго падобна? – дапытваюцца зацікаўленыя ўнукі.\\ – А такая маладая, пекная паненка ў зялёнай сукенцы; таваркі яе – розныя кветкі, пакорныя служкі – галасістыя птушкі. Ось, хутка прышле да нас некаторых з іх, прымерам, – жаваранка-песняра і кветку-пралесачку.\\ – А калі ж, дзедулёк, жаваранак прыляціць?\\ – А тады, як вы, жэўжыкі, па тры боханы хлеба з’ясцё.\\ – Дзедка, то мы будзем завіхацца.\\ – Вядома, завіхайцеся: на зарок не адкладайце.\\ «Але, мусіць, то дзед жартуе, – думаюць дзеці, – бо якая тут вясна ідзе, калі дзед апранаецца ў кажух, на рукі пхне суконныя рукавіцы».\\ Нездарма сямілетні Юзюк, учарэпіўшыся дзеду за шыю, пытае:\\ – Ты, дзядуля, мусіць, апрануўся так цёпла, каб зіму хутчэй спудзіць?\\ – Э-э, будзеш і ты, жэўжык, калісьці таксама на старасць цёпла ўхутвацца, як і твой дзед, а цяпер адчапіся ад маёй шыі, бо ты ж не званок, а я не конь!\\ – Але затое ж я твой унучак, – бойка адказвае Юзюк, – і як прычаплюся да тваёй, дзедулёк, шыі, то так прырасту, як бародаўка да крывога носа.\\ – Ой, божа мяне крый ад такога гумзака, як ты, Юзючок!\\ – Ну, то купі мне боты, дзедулёк.\\ – Што-о? боты?\\ – Але, боты такія, як у музыкі Банадыся.\\ – Ох, які ты здагадлівы, унучак! Вясна, як піць даць, стане на дварэ, мо ўжо жаваранкі заўтра запяюць, а ты ботаў захацеў.\\ – Дзядуля, дзедулёк, купі, купі, – ужо хліпаючы, прыстае ўнук.\\ – Цыц, дзіцятка! утры нос і перастаць хліпаць; як будзеш добры, паслухмяны, то мо жаваранак сам здагадаецца і прынясе табе боты.\\ – I мне, мне! – свіргоча дзіцячая драбяза.\\ Марыля, Настка, Казюк чапляюцца за калені дзеда.\\ А дзед ходзіць па хаце, як стары баравік паміж суравежкамі.\\ – Дзядуля! як той жаваранак прыляціць, то няхай мне хустачку прынясе чырвоную, – просіць Марыля.\\ – А мне – дудку і коніка, – ласіцца Казюк.\\ – Добра, дзеткі, добра; зараз выйду на падворак і гукну, каб усё маім унучкам малым жаваранак папрыносіў.\\ Дзед выходзіць скаціне даваць. Дзеці гуляюць па хаце і чакаюць яго. Дзед варочаецца:\\ – А што, дзядулю, ці сказаў жаваранку?\\ – Не, дзеткі, жаваранка я і не бачыў, бо толькі выходжу з хаты, манюся яму загадаць, ажно мароз, такі сівы, з вялікай, доўгай барадой, – цап мяне за рукі: «Не смей, – кажа, – клікаць жаваранка, абудзіш вясну, і зара маю ўсю работу папсуе гэта нягодная баба. А ў мяне цяпер, – кажа, – найважнейшая справа ідзе: мост будую цераз вашу рэчку». – «А што мне за дзела да твайго моста, – адказваю, узлаваўшыся, – мне мае ўнукі бліжэйшыя, я для іх хачу жаваранка клікнуць». – «Ціха, пачакай, – кажа мароз, – я тваім унукам лепшых цацак пекных нарысую на вокнах, а жаварачак няхай яшчэ пасядзіць за морам».\\ – Дзедулёк! то жаваранак за морам? раскажы нам, дзе ён?\\ – Раскажу пасля, цяпер не маю часу: трэ дровы на вячэру сеч. А вы, дзеткі, пакуль што пагуляйце, маткі слухайце, старшыя малодшых не крыўдзіце, а я зара вярнуся.\\ *** * *** На дварэ сцяплела. Вада з стрэх капае. На полі лысеюць праталіны. Дзе якое дзіцянё вырвецца з хаты, шмыргае босае па вуліцы. Вераб’і кошкаюцца на сметніку. Слонка бліжэй глядзіць з неба. Дзед, чутно здалёку, шкулдыкае ў вялікіх ботах: шлэмб, шлэмб. Перад дзедам ляціць Юзюк: крычыць, пішчыць, рукамі, нагамі выкідвае, галавой круціць, усё роўна, як той жарэбчык-пярэзімак, сарваўшыся з прывязі.\\ – Жаваранак! Жаваранак прыляцеў! – крычыць.\\ – Ціха, не вый! Усё роўна, што жару ў горла нахапаў, – сцішае маці, высунуўшы галаву праз дзверы.\\ Дзеці меншыя, як мышы, каторае бокам, каторае скокам, выкульваюцца ў сені.\\ – Пайшлі дахаты. Перамерзнеце, хварэць будзеце, бахуры. – Маці ўпіхае дзяцей у хату. Крык і піск.\\ – Унучаткі, рыбачкі мілыя, – загоджваючы справу, адзываецца дзед, – чаго плачаце?\\ – Жаваранка хочам убачыць!\\ – Пакажу, жэўжыкі, пакажу, толькі слухайце маткі і сыпце ў хату, акно вам адчыню. Паволі лезьце, дзеці, на лаву, не папіхайцеся. Юзюк! не штурхай Казюка. Пачакай, Марылька, я ця падсаджу. Ну, ціха цяпер, дзеці, слухайце.\\ – Пяе! Во!– Казюк паднімае ўгару пальчык, – ціры, ціры, ці-і-ір, цір, цір... Ай, як пяе!\\ Як ад іскры, загараюцца тварыкі дзетак. У дзеда свецяць вочы, моў залатыя дукаты.\\ – Птуль мой, даўно жданы, – шэпча старавіна, – будзіш народ да працы, звоніш над нашым краем...\\ – Дзедулёк, во, во – ужо над нашай хатай пяе... чуеш, дзедулёк?\\ – Чую. Ужо чацвёрты год, як усё той самы да нас прылятае. Але годзе, дзеткі, надта холад верне ў хату, трэ акно зачыніць.\\ – Яшчэ, яшчэ, дзедулёчак, хочам паслухаць хоць крышку...\\ – Годзе, унукі, годзе: лепш я вам раскажу аб жаваранку, толькі адыдзіце ад акна.\\ – Але, але! раскажы нам шмат, шмат...\\ – Гэта, дзеткі, залежыць ад вас: будзеце сядзець ціха – раскажу вам больш, а пачнеце выкручвацца – скажу менш. А цяпер – гыля ад акна!\\ *** * *** – Дзядуля, ужо мы ціха сядзімо... чакаем...\\ – Зара, зара, вазьму толькі плашкі, лучыны нашчапаю.\\ Стары дзед сядае, дзярэ лучыну, а дзеткі, збіўшыся ў кучку, ужо і губкі разінулі.\\ – Ось, слухайце, унучкі. Жаваранак – невялічкая, як ведаеце, птушачка з чорнымі жвавымі вочкамі; сама шэранькая, зямліста-бурага колеру, дык пёрачкі падыходзяць якраз пад колер зямлі; так што здалёку, калі жаваранак сядзіць на зямлі, то трудна і прыкмеціць, а гэта шмат яго бароніць ад напасці; бо трэба вам ведаць, дзеткі, што жаваранак мае шмат ворагаў, ой, шмат; а найгоршы паміж іх – гэта добра вам знаны... ну, жэўжыкі, каторы з вас першы згадае?\\ – Сабака!\\ – У-га! якраз стрэчны брат яго. Адгадвайце яшчэ.\\ – Воўк! Воўк!\\ – I не ён.\\ – Ну, то і не ведаем! Хто, дзедулёк, хто?\\ – О-ёй, унучкі, добра толькі падумайце; я вам памагу: вусаты, на кілбасы ласы, на прыпечак сядзе – мыецца...\\ – Кот! Кот!\\ – Так – ён, гад, шмат марнуе жаваранкаў. Цягаецца, шэльма, па полі, а як жаваранак прыкурне на раллі, кот падгледзіць, падкрадзецца: цап-лап, хмурлык – і птушачкі як не было. Дрэнна, што жаваранак аблюбаваў весціся па нізкіх месцах, бо дзеля гэтага яго можа з’есці і крот, і мыш, і лісіца, і шмат іншых звяркоў і звяроў; угары – у лёце – жаваранка ловяць меншыя і большыя каршуны. Хоць і губяць жаваранкаў розныя ворагі, аднак ён не хаваецца: больш, чым жыццё, міла яму свабода, дык жыве на прасторы, пяе людзям на ўцеху, а ворагам на прыманку.\\ Для гнязда свайго выбірае жаваранак заўсёды ў адной і той самай ваколіцы роўнае, адкрытае месца: сенажаць, папар або жытнюю ніву; выкашкае там сабе ямачку пад каменьчыкам ці грудкай зямліцы, назносіць туды саломінак, сухой траўкі, саўе гняздо, акругліць яго, а каб было аздабней і цяплей у хатцы, то яшчэ высцеліць усярэдзіне конскім валоссем. Віць гняздо жаваранку памагае і жаваранчыха, а як ужо пабудуюць яго, тады яна пачынае несці маленькія зеленаватыя або чырванаватыя з бурымі крапінкамі яечкі. Нанясе іх штук чатыры-пяць і садзіцца на пятнаццаць дзён, але час ад часу падмяняе сядуху сам жаваранак. Як выйдуць дзеткі, крыху падгадаваўшы, вучаць іх бегаць і лётаць, а пасля і пушчаюць у свет. Але пакуль далей расказваць, закуру перш люльку, а вы, унучкі, пабегайце тым часам, ножкі папрастуйце.\\ *** * *** – Ну, пабрыкалі, і годзе; сядайце, будзем гутарыць далей. Як толькі бацькі-жаваранкі пераканаюцца, што іх дзеткі ўжо розуму набраліся і самі сабе могуць даць рады на свеце, пачынаюць закладваць другую сямейку; падчысцяць, падправяць гнёздачка, самка накладзе туды зноў чатыры-пяць яечак, супольна – па чародцы – грэюць іх, ажно пакуль зноў не пакажуцца голенькія, брыдкія, з вялікімі галоўкамі, сляпыя, мала чаго большыя ад добрай бабіны, дзеткі. Пачынаецца новы клопат: трэба ж кожнае ў пару накарміць, зважаючы, каб аднаму не было многа, другому мала, ды пасцельку даглядаць, каб заўсёды была ў парадку і чыстасці, ды ад ворагаў – колькі змога і сіла – бараніць сваю сямейку, словам, гультаяваць некалі; але ў іх мамка на татку, татка на мамку, не здаюцца; каб усё ў парадку было, абаім трэ добра завіхацца; затое і дзеткі хутка і здорава растуць. Праз некалькі тыдняў глядзі – бацькам палягчэнне ўжо ў працы ёсць: павыскаквае моладзь з гнязда, куды ў каторы бок параспаўзаюцца ды самі сабе ўжо стараюцца харчоў. Спачатку, праўда, туга ідзе праца: угледзеўшы, напрыклад, дзе якую мушку ці кузюрку, здаецца, і добра прырыхтуецца, як мае быць прыцэліцца, носікам – дзюб, – мошка паляцела, а сам паляўнічы ляжыць дагары і ножкамі перабірае. Ну, але гэта байкі – чаго на свеце не бывае, – страпянецца, ды зноў за работу.\\ Падкачаюцца гэтак дзеткі і пайшлі сабе ў свет, а старыя тым часам, калі восень добрая і цёплая, яшчэ справяцца і трэцюю сямейку выгадаваць, абы яды хапала.\\ – Дзедулёк, а куды ж жаваранкі на зіму адлятаюць?\\ – За мора, дзеткі, за мора, у цёплы край, дзе зімы няма...\\ – То і там яны, дзедулёк, гнёздачкі робяць і гадуюць дзетак?\\ – Не, жэўжыкі мае, не. Голад і холад толькі заганяюць жаваранкаў у тую цёплую, багатую і пекную краіну; але як бы яна ні была пекная, а для жаваранкаў яна сумная, бо чужая. Там яны не толькі не гадуюць дзетак, але нават песенькі сваёй залацістай чужынцам не пяюць; свой галасок, усю сілу яго для нас з вамі, жэўжыкі, пакідаюць, для свайго роднага краю.\\ Затое паслухайце жаваранка тут: які голас, голас! Проста сляза божая! Хоць, праўду кажучы, не ўсе яны аднолькава пяюць, – от, не раўнуючы, як у людзей: адзін цягне грубей, другі – цяней.\\ Ось, напрыклад, жаваранак, што сягоння пеў – гэта сярэдняй рукі спявака; а той, што на Мацеевых гонях вядзецца – проста перлы сыпле з-пад сінявы нябеснай. I як толькі яны вытрываць могуць столькі пець, бо трэба ведаць, што жаваранкі спяць толькі гадзіны дзве-тры, а рэшта праз увесь час найбольш песнямі забаўляюцца. Пяюць толькі жаваранкі-самцы, а жаваранчыхі – вядома, гаспадыні – усялякія хатнія клопаты маюць, ім не да таго.\\ Каб не жаваранкі, нашыя палеткі шмат гінулі б ад усялякага паскудства: нападаюць на наша поле ўсялякія жучкі, мошкі, кузюркі, рабакі; але дзе ўжо завядзецца сямейка жаваранкаў, там у блізкасці гэтаму паскудству няма жыцця: выткнуў рабак нос – смерць; прысела мошка на кветачку – капут; жучок узлез колас глуміць – квіт.\\ Апошні раз усё гэта падчысцяць каля сябе жаваранкі, дык пасля прыходзіцца ўжо і дальш лётаць за пажывай. Ну, але як прыцісне холад, тады ўжо рады няма – трэ выбірацца з роднай старонкі...\\ Слухаючы, як жаваранкі ад світа да змяркання ажно заходзяцца, пеючы свае песні, хто б падумаў, што ім заўсёды добра і вясёла жывецца. Тым часам бывае ўсяк. Апроч бяды ад ворагаў, аб якіх я ўжо спамінаў вам, дзеткі, жаваранкі яшчэ і паміж сабою не заўсёды складна жывуць. Праўда, жаваранак з жаваранчыхай, калі ўжо дабяруцца да пары, то праз усё жыццё сваё разам трымаюцца, і ніколі паміж імі нават сваркі не бывае, але з іншымі – суседзямі – то часам так сварацца, ажно чупрыны кураць. Прычыны да звадкі розныя бываюць, вядома, як у суседстве: то за месца на гняздо, то за яду, а найбольш, калі часам жаваранчыха дзе згіне, а застанецца толькі сам жаваранак. Такому ўдаўцу, разумеецца, жыць сумна – няма куды прытуліцца; вось і стараецца ён усялякімі спосабамі як-колечы прыснасціцца да суседняга гнязда; але гэткай помачы не патрабуюць; гаспадар і гаспадыня няпрошанаму госцю так усыпюць, ажно пёркі ляцяць.\\ Туляецца гэтакі ўдавец без работы з месца на месца, пакуль не трапіць на жаваранчыху-ўдаву, да каторай з радасцю ідзе ў прымакі...\\ Ну, але што гэта, бахуры, заўзяліся вы дзеда мучыць, ці што? Цьфу! ажно ў горле перасохла. Што я вам – млын ці дзед? Хоць бы вы жавараначка любілі, але дзе ж вашым гарбузіным галоўкам зразумець такую рэч...\\ – А я зразумеў, – круцячы галоўкай, пахваляецца Юзюк.\\ – Што ты, шпунт, зразумеў?\\ – А тое, што жаваранак вельмі карысная птушачка: яна нам пяе і шкоднікаў нашых ніў паядае.\\ – Маладзец! За гэта я цябе на печ, Юзюк, закіну.\\ – Не, не ўздужаеш, дзедулёк, не ўздужаеш, – падхопліваюць грамадой усе дзеці і чапляюцца дзеду на шыю.\\ – Ну, ну, толькі не ўсе разам, а то ў дзеда галава сухая: адкруціце яе, як даспеўшую макаўку, і ўсе казкі высыплюцца.\\ \\ 1914\\ \\ \\ Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]]