~~META: title = Цётка — Восень &keywords = восень, белы, грыбы, птушкі, свішча, мерыць, месцам, бярозу, кветкі, людцы, твару, песні &abstract = Верш Цёткі (Алаізы Пашкевіч) "Восень" &iftrue = nan ~~ ====== Цётка — Восень ====== Восень гумны накладае,\\ Возіць снапы, расчыняе\\ Хлеб галодным гаспадарам:\\ «Ешце, людцы, вы нядарам\\ Працавалі усё лета,\\ Закусіце хоць за гэта».\\ Бульбу з ніўкі верне ў мех\\ Ды барзджэнька прэ ў засех.\\ Тне капусту з качанамі,\\ Гусей гоніць з бацянамі\\ У далёкі край за горы,\\ За азёры ды за моры.\\ «Птушкі мілы, не кляніце,\\ А малітвы гаварыце,\\ Каб вас хвіля не забіла,\\ Каб акула не ўкусіла,\\ Каб вярнуцца клекатаці,\\ Пастушочкаў забаўляці».\\ Восень – міла гаспадыня:\\ Дзе ні глянеш – поўна скрыня\\ То арэхаў, то пшаніцы\\ Па куточках у святліцы.\\ Аб усім яна так дбае,\\ Нівы зябліць, засявае,\\ У папары руніць жыта,\\ Каб на весну было сыта.\\ А гасцінец – поўны люду!\\ Да мястэчка, як да цуду,\\ Бягуць хлопцы і дзяўчаты,\\ Гоняць быдла, жарабяты.\\ Бабы вязуць грыбы, семя,\\ Стан, ручнік, маток, адзенне,\\ Масла, сыры, мак, хвасолю,–\\ Што зрадзіла на іх долю.\\ Поўны рынак людцаў крыку,\\ А што смеху, а што рыку!\\ Гочуць гускі, пішчаць свінне,\\ Над снасцінкай курта вые,\\ Сорка цягне яйкі з возу,\\ Бэрка плаціць за бярозу.\\ Янук годзіць новы боты,\\ Юрка свішча для ахвоты,\\ Крыся мерыць каптан ў люстры,\\ Агатулька рэжа хусты.\\ Кася глядзіць ў Пайкі кветкі,\\ Белы кашчмір на жакеткі,\\ Пацеркі ў чатыры шнуры:\\ Будзе дружкай у Бандуры.\\ Жыдок мерыць гарцам соль,\\ Шаптун лечыць нейкі боль;\\ А як мне ды без тавару\\ Паказаць нат стыдна твару.\\ Пайду лепш за места скокам,\\ Кіну яшчэ разок вокам\\ На лясочак, на палетак,\\ Ці такія, як улетак.\\ Не такія – іншы шаты:\\ Летніх відны толькі шматы.\\ Месцам кветка без вяночка,\\ Месцам грыбок з-пад кусточка\\ Гляне быстра, вушкі стуліць,\\ Затрасецца. Восень глуміць\\ Усе кветкі, ўсе галінкі,\\ Ўсё змятае да сцяблінкі.\\ Восень чысціць зіме гладка,\\ Бо той ў белі было б гадка\\ Праскакаці ў нас па полях,\\ Былі б ножкі у мазолях.\\ Пыл на сукні парассеўся б,\\ Ў белы шчокі слінай ўеўся б.\\ Чыста, чыста па ўсім полі,\\ Аж на сэрцы грызуць болі.\\ А дзе ж зелень, а дзе стужкі,\\ А дзе ж песні, а дзе ж птушкі?\\ Ўсюды старасць, смутак вее,\\ З хмарак дробны дожджык сее,\\ Слонка нізка чэша косы.\\ Дубняк смутны стаіць босы.\\ Лужок жоўты. Загон шэры.\\ Рэкі крые лядок белы.\\ Ў лесе свішча вецер, плача.\\ Па бярозах сойка скача.\\ Сава гудзе, вабіць зайцаў.\\ Чуць не згрыз сабе я пальцаў,\\ Прыраўняўшы, паглядзеўшы\\ Наша жыцце. Ўпаў, замлеўшы,\\ Прымкнуў вочы; бачу твары\\ Ўсе знакомы: пры алтары,\\ На хрысцінах, на вяселлі,\\ То на йгрышчы, то ў касцелі,\\ То пры працы, то пры песні\\ Тут і слёзы, тут балесці,\\ Тут магілы, тут і труны,\\ Тут грамніцы, тут цалуны...\\ Нейка пекла, нейка каша!\\ А дзе ж шчасце, братцы, наша?\\ \\ 1902-1903 \\ \\ Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]]