Незвычайнасць асобы Цёткі як творцы і грамадскага дзеяча падкрэсліваюць яе псеўданімы, якія яна сама выбірала для сябе. Паэтка звычайна хавалася пад мужчынскімі прозвішчамі: Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Крапіўка, Мацей Крапіўка – так былі падпісаныя яе шматлікія паэтычныя і празаічныя творы. Аднак трывала замацаваўся за ёй, зліўся з яе асобай менавіта «жаночы» псеўданім Цётка. Упершыню гэты псеўданім быў ужыты ёю ў «Першым чытанні для дзетак беларусаў».
Алаіза Пашкевіч нарадзілася 3 ліпеня 1876 г. у вёсцы Пяшчына недалёка ад Ліды ў засцянковай шляхецкай сям’і. Напачатку яна выхоўвалася ў бабулі ў фальварку Тарэсін, дзе і навучылася чытаць і пісаць спачатку па-польску, бо сям’я была каталіцкага веравызнання. Падрыхтаваная хатнімі настаўнікамі да навучання, Алаіза паступіла ў 1894 г. у 4 клас прыватнай жаночай гімназіі В. М. Прозаравай у Вільні. Па стане здароўя поўны курс гімназіі яна скончыла ў 1901 г., а ў 1902 г. пасля спецыяльных іспытаў атрымала званне хатняй настаўніцы. З восені 1902 г. пачала вучобу на курсах выхавацельніц і кіраўніц фізічнай адукацыі П. Лесгарта ў Пецярбургу. Там яна ўступае ў рады гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Потым удзельнікі гуртка будуць удзельнічаць у стварэнні першай Беларускай рэвалюцыйнай партыі (БРП), а пазней Беларускай рэвалюцыйнай грамады (БПГ). У гэты ж час пачынаецца шлях Цёткі ў літаратуру: у нелегальных выданнях «Круга…» – «Каляднай пісанцы» (1903) і «Велікоднай пісанцы» (1904) – былі змешчаны вершы Цёткі «Мужык не змяніўся», «Музыкант беларускі», «Нямаш, але будзе». У 1904 г. яна здала спецыяльныя іспыты ў Аляксандраўскай жаночай гімназіі, а таксама атрымала пасведчанне аб здачы лацінскай мовы ў аб’ёме гімназічнага курса пры першай Санкт-Пецярбургскай гімназіі. Крыху пазней, у Львове і Кракаве, паэтка працягне вучобу ва ўніверсітэце.
Паэтычныя кнігі Цёткі «Скрыпка беларуская», «Хрэст на свабоду» выйшлі пад псеўданімамі Гаўрыла з Полацка і Гаўрыла ў 1906 г., калі паэтка была ў іміграцыі ў Львове, які належаў тады Аўстра-Венгерскай імперыі. Асобныя яе вершы («Мора», «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам») і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» выдаваліся як пракламацыі яшчэ ў рэвалюцыйным 1905 г. у Вільні. Цётка друкавалася ў беларускіх газетах «Наша доля» і «Наша Ніва», у часопісе «Лучынка». Акрамя вершаў, пісала разнастайныя ў мастацкім плане апавяданні («Навагодні ліст», «Зялёнка», «Міхаська», «Лішняя», «Асеннія лісты»). У апавяданнях гаворыцца пра трагічнасць жыцця, прадвызначанасць чалавечага лёсу, што супадала з тагачасным настроем невылечна хворай пісьменніцы (хварэла на сухоты), якая шукала ў мастацкім слове эквівалентаў перадачы свайго душэўнага стану. Так, у апавяданні «Лішняя» пачуццё асуджанасці надае твору містычную афарбоўку.
Экзістэнцыяльнымі матывамі прасякнуты апавяданні «Зялёнка» і «Міхаська», якія лічацца лепшымі творамі Цёткі. У абодвух творах хвароба з’яўляецца фактарам, які вызначае модус існавання герояў, а няўхільнае зліццё з нябытам у адным выпадку адбываецца праз творчасць, у другім – праз любоў дзіцяці да параненай птушкі. Цікавую заўвагу ў дачыненні да трох апавяданняў Цёткі («Асеннія лісты», «Лішняя», «Зялёнка») зрабіў у свой час Міхайла Піятуховіч, які пісаў, што яны па сутнасці з’яўляюцца лірычнымі імпрэсіямі, «насычаны абмалёўкай душэўных настрояў», а таксама нагадваюць «размерана-рытмічную, музычную прозу, якая так адпавядае выяўленню лірычных эмоцый». М. Піятуховіч падкрэсліваў нацыянальнасць прозы Цёткі, што было як плёнам яе ўласнага душэўнага стану, так і культурным кантэкстам яе часу, бо не будзем забываць, што Цётка вучылася на філасофскіх факультэтах двух еўрапейскіх універсітэтаў (Кракаў і Львоў) і, безумоўна, была знаёма з навейшымі філасофскімі плынямі ХІХ - пач. ХХ ст.
Як запавет гучаць радкі з публіцыстычных артыкулаў Цёткі «Як нам вучыцца», «Шануйце роднае слова», дзе яна заклікае ўзняцца над штодзёншчынай да разумення вечных скарбаў душы: «Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы. Яркім полымем гарыць такая любоў у душы, сагравае яе, асвятляе дарогу ў жыцці!»
Паэтэса пачынала з прыродаапісальных вершаў «Лета», «Восень» (1902-1903 гг.). Яе наступныя творы напярэдадні рэвалюцыі працягваюць дэмакратычныя традыцыі ананімных паэтаў ХІХ ст., К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча. Гэта пераемнасць падкрэслена самімі назвамі вершаў: «Мужыцкая доля», «Нямаш, але будзе».
Вельмі хутка ў яе творчасці адбыўся пераход ад выяўлення псіхалогіі мужыцкага спадзявання на лепшую долю да рэвалюцыйнай героікі 1905–1907 гг. Зборнік «Хрэст на свабоду» – яркае адлюстраванне рэвалюцыйных настрояў грамадства ў тагачаснай беларускай літаратуры. Паэтка піша пра канкрэтныя падзеі 1905 г.: дэманстрацыі, крывавую нядзелю 9 студзеня, стварае вобразы ўдзельнікаў рэвалюцыі («Пад штандарам», «Хрэст на свабоду», «Бунтаўнік»). Аўтар выяўляе новую ступень народнага самаўсведамлення: «Веру, братцы, людзьмі станем…» («Вера беларуса»). Гэтыя радкі гучалі прароцтвам, як і купалаўскае «людзьмі звацца», і адпавядалі галоўнай тэндэнцыі беларускага адраджэння.
Пры ўсёй канкрэтыцы жыццёвых з’яў і рэалій, адлюстраваных у паэзіі Цёткі, яе мастацкае мысленне характарызуецца рамантычнай маштабнасцю вобразаў, сімвалічнасцю. Вобразы буры, урагану, віхраў перадаюць адчуванне незвычайнасці таго, што адбываецца, выключнасць і ўрачыстасць гістарычнага моманту. Рамантычны вобраз прыроднай стыхіі сімвалізуе сабой мора народнага гневу і рашучасці змыць усе перашкоды на шляху да шчасця. Прыкладаў такой метафарычнай раскаванасці, вобразнай смеласці беларуская літаратура з таго часу не ведала. Паэтка вельмі экспрэсіўна падае ў вершы кіпенне марской стыхіі, смела збліжаючы супрацьлеглыя паняцці «мора» і «агонь» («Мора»): «Мора вуглем цяпер стала, // Мора з дна цяпер гарыць».
Натура страсная і няўрымслівая, Цётка паэтызуе страсць творцы – магутнай асобы, якой падуладныя ўсе сферы чалавечага пачуцця:
Сам музыка з скрыпкай зліўся
І, як вецер, ў неба ўзвіўся
Ўвесь у песні, ўвесь у тоне.
(«Артыст грайка»)
Пачынаючы са зборніка «Скрыпка беларуская», Цётка неаднаразова звярталася да тэмы мастацтва («Скрыпка», «Лета», «Музыкант беларускі», «Артыст грайка», «Грайка»). Яна разумела, якое вялікае значэнне мае мастацтва і схілялася перад талентам творцы – мастака, паэта, верыла, што ў мастацтве акумулявана прыродная таленавітасць народа. Мастацкая палітра паэткі вельмі багатая. У вершах перыяду эміграцыі («На чужой старонцы», «З чужыны») прысутнічае матыў настальгіі па Бацькаўшчыне. Пачуццём маркоты, пакуты па родных мясцінах напоўнены яе вершы. У вершы «З чужыны», напісаным у Кракаве з дапамогай стылістычнай фігуры градацыі (І душна, і цесна, і сэрца самлела…«), яна дасягае надзвычайнай экспрэсіі ў выказванні смутку і душэўнага дыскамфорту. Каб перадаць сваё гарачае жаданне ўбачыць ізноў радзіму, яна выкарыстоўвае цэлую сістэму вобразных параўнанняў: «Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела, / Як хваля на моры, плыла бы да іх! / Узнялася б, здаецца, расінкай на хмары…». Радзіма паўстае ў яе ўяўленні блізкімі для душы вобразамі.
Цётка-паэтка, якая рэдка ўжывала эпітэты, але дасягала надзвычайнай экспрэсіі свайго верша дзякуючы паэтычнаму сінтаксісу, асабліва звязанаму з ужываннем паўтораў, анафар, градацыі, а таксама схільнасці да эмацыянальна афарбаванай лексікі. З народнай паэзіі Цётка прынесла ў сваю паэтыку асаблівую любоў да памяншальна-ласкальных формаў назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў («…Тагды і матулька-рабенька зязюлька…»).
Найбольш часта такія формы выкарыстоўваліся ў творах, якія закраналі тэму дзяцінства (»Сынок маленькі«, »Сірацінка«), або адрасаваных беларускім жанчынам («Вясковым кабетам»).
Значэнне Цёткі як пісьменніцы вынікае з яе асаблівай ролі ў станаўленні навейшай беларускай літаратуры, абнаўленні яе зместу і выпрацоўцы жанравых формаў і стыляў. Сваёй асобай яна дала незвычайна яркі прыклад грамадзянскага гарэння, адданага служэння роднаму народу, гуманістычнай ахвярнасці.
Крыніца: Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя беларускай літаратуры». Складальнік: Т.У. Ганчарова-Цынкевіч. – Мінск: БДПУ, 2006