~~META: title = Проза Алаізы Пашкевіч (Цёткі) &keywords = Цётка, апавяданне &abstract = Асаблівасці прозы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) &iftrue = nan ~~ ====== Проза Алаізы Пашкевіч (Цёткі) ====== [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч|Цётка]] была не толькі таленавітай паэткай. Яна не меней таленавіты празаік, што асабліва яскрава выявілася ў апошні перыяд яе творчасці. Калі б не ранняя смерць, Цётка несумненна б стала выдатным майстрам беларускай прозы. Пра тое сведчаць яе глыбокія псіхалагічныя апавяданні, а таксама публіцыстычныя творы, нарысы, нататкі з падарожжаў, напісаныя ў апошнія гады жыцця.\\ Цётка звярнулася да прозы яшчэ ў час рэвалюцыі. Першым яе празаічным творам, надрукаваным у 1906 г., быў сацыяльна-псіхалагічны, з выразна сімвалічным зместам эцюд «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі|Прысяга над крывавымі разорамі]]» – нібы невялічкая замалёўка з жыцця беднага, змучанага цяжкай працай і нястачай чалавека, селяніна Мацея. Але ў гэту сціслую форму Цётка ўкладвае вельмі значны і глыбокі змест. Яна нямногімі словамі гаворыць пра многае, выяўляе настроі, думкі і імкненні бяднейшага сялянства. З майстэрствам, уласцівым сапраўднаму мастаку-псіхолагу, Цётка падрыхтоўвае чытача да ўспрымання асноўнага сэнсу, ідэі апавядання.\\ У творы вельмі лаканічны ўступ: «Быў цёплы асенні дзень. Нівы ціха адпачывалі пасля летняй працы. Цёмны лес шаптаўся ў глыбокай задуме. Буслы тужліва ляцелі ў вырай».\\ Пасля такога пейзажнага малюнка, ад якога павявае сумам, Цётка знаёміць чытача з героем апавядання: «Маркотны і згорблены пад цяжкаю хмараю невясёлых дум, ледзьве-ледзьве поўз стары Мацей у поле». Хворы, змардаваны Мацей мусіць працаваць, бо болей няма каму. «Праўда, у Маце я было трое сыноў: аднаго ўзялі ў маскалі, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкаю і дзвюма малодшымі дзяўчатамі астаўся ў хаце на сваёй гаспадарцы.\\ Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо не тыя, – а рабі і рабі, працуй без канца... Мардасовічу – за лён, Бізуноўскаму – за пашу, а там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках, так што сваё хоць і вузка, але і то лында, і то няхват часу ў пару засеяць».\\ У гэтых словах чуецца скарга ўсяго бяднейшага сялянства, якое пакутавала ад малазямелля, даўгоў, ішло на заробкі ў вялікія гарады, наймалася за парабкаў у панскія двары. Сяляне жылі адзінай думкай: як выбавіцца з такога пекла. Гэта думка не дае спакою і Мацею. Змораны, хворы Мацей падае на раллю. Яму трызніцца, што «сабралася моц народу на яго ніве: былі там і маладыя, і стары я, і мужчыны, і кабеты, і дзеці – у розных апратках, і ўсе крычалі: «Вузка! Цесна! Мала!» Крычалі, вядома, беднякі. I пыталіся: «А скуль узяць?» I самі адказвалі: «Глядзіце, во прасторы! Во нівы, палі! Усё гэта наша!..»\\ Але былі ў натоўпе і такія, як сусед Мацея Астап (відаць, з багацейшых), якія запалохвалі: «Лжэце! Няпраўда! Не дадуць: то казённае, дворнае, – ні я, ні вы не маем права. Не дадуць, паб’юць!»\\ I ў гэты момант «з цьмы народу выходзяць яго тры сыны: парабак дворны, салдат і работнік пецярбургскі і становяцца на калені і прысягаюць громка, ясна, паволі:\\ – Мы дамо! Мы – сіла! Мы – права!..»\\ Вось адказ, які дае аўтар на пытанне, што хвалявала народ.\\ Характэрная і апошняя дэталь, якой заканчваецца апавяданне: «разоры стаяць, поўны крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваныя далоні... І раздаецца ціха ясны голас: «Мы – сіла! Мы – права!..» Гэта азначае, што за зямлю і за волю прыйдзецца змагацца, права на лепшае жыццё трэба здабыць у суровай, крывавай барацьбе.\\ Прачытаўшы апавяданне, няцяжка зразумець: карціна, намаляваная ў ім, мае сімвалічнае значэнне, асабліва ўсё тое, што сніцца-трызніцца Мацею. У іншасказальнай форме Цётка паказвае сілы, якія могуць прынесці вызваленне. Тры скрыжаваныя далоні (парабка, рабочага і салдата) сімвалізуюць цеснае адзінства ўсіх пакрыўджаных у рашучым імкненні здабыць волю, вырваць яе з рук ненавіснага самаўладства, устанавіць сацыяльную справядлівасць на роднай зямлі.\\ Не менш змястоўныя і глыбокія празаічныя творы Цёткі, напісаныя пасля падзей 1905-1907 гг. Пісьменніца цяжка перажывала паражэнне рэвалюцыі. Але і ва ўмовах рэакцыі яна працягвала верыць у тое, што народ не сказаў яшчэ свайго апошняга слова, што ён здабудзе сабе волю і права на лепшае жыццё. Гэтай верай прасякнуты яе вершы, напісаныя ў той час, а таксама апавяданні «Навагодні ліст», «Зялёнка».\\ У апавяданні «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-навагодні-ліст|Навагодні ліст]]» у форме пісьма бацькоў-сялян да свайго сына, што служыў у салдатах, Цётка малюе змрочную карціну цяжкага становішча ў вёсцы, дзе пануе голад, чыняцца расправы над людзьмі. Але заканчвае апавяданне мнагазначнай фразай «Народ не ўспакоіўся».\\ У апавяданні «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-зялёнка|Зялёнка]]» – пра беларускую дзяўчыну, якая вучыцца ў Пецярбургу, пакутуе ад нястачы, хваробы і, нарэшце, памірае, – аўтар і яго героі таксама жывуць успамінамі пра рэвалюцыю.\\ Некалькі іншы характар маюць апавяданні «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-асеннія-лісты|Асеннія лісты]]», «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-лішняя|Лішняя]]», «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська|Міхаська]]». Гэта таксама творы трагічнага гучання.\\ Іх героі – людзі, з якімі жыццё абыходзіцца вельмі жорстка, бязлітасна. Заканчвае самагубствам кінутая каханым дзяўчына ў апавяданні «Лішняя». Нібы пажоўклыя лісты, якім ужо нічога не засталося, як апасці і знікнуць назаўсёды, выглядаюць у апавяданні «Асеннія лісты» Сцяпан і Сымон, што праз увесь свой век гаравалі. Згусткам бясконцых пакут паказана кароткае жыццё хлопчыка-сіраты Міхаські ў аднайменным апавяданні, якое гучыць як рэквіем, як жалобная песня па ўсіх скрыўджаных лёсам беларускіх дзецях, што гінуць у нядолі.\\ У Цёткі цікавыя і іншыя апавяданні, у прыватнасці тыя, што былі напісаны для дзіцячага чытання і ўключаны ў кніжку «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» («[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-журавель-і-чапля|Журавель і Чапля]]», «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба|Сварба]]», «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-з-прыску-ды-ў-агонь|З прыску ды ў агонь]]» і інш.).\\ Асаблівасцю апавяданняў Цёткі з’яўляецца глыбокі псіхалагізм, уменне аўтара зазірнуць у душу чалавека, раскрыць яго думкі і перажыванні.\\ Заслугоўвае ўвагі публіцыстычная спадчына Цёткі – нарысы, артыкулы. У іх пісьменніца дзеліцца думкамі аб сваім народзе, яго культуры, аб жыцці іншых краін, якія наведала ў розныя часы.\\ У нататках «З дарогі» здзіўляе яе праніклівая назіральнасць, увага да драбніц жыцця людзей іншых краін (Нямеччыны). Трапіўшы ў мастацкі музей у Дрэздэне, Цётка з захапленнем разглядае сусветна вядомыя творы выдатных мастакоў Еўропы. І ў яе пра кожнага з іх ёсць свая думка, сваё меркаванне, у якім праглядваецца адчуванне, што гэта сустрэўся «свой са сваімі», чалавек з высокаэстэтычным успрыманнем мастацтва, асабліва такога, якое прадстаўлена шэдэўрамі Тыцыяна, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы...\\ А якая душэўная драма хворага чалавека, што прадчувае блізкую смерць, чуецца ў яе словах, звернутых да маці ў гэтых лістах: «Думкі сілай ціснуцца да галавы: «Жыць, жыць!», «Памрэш», – нейкі жалосна слабы голас адказвае з хворых грудзей...»\\ А ў іншым месцы нешта адваротнае – упартая надзея на лепшае: «Мамачка, я яшчэ табе цэлы свет заваюю, усе з яго скарбы кіну табе пад ногі...»\\ Пабываўшы ў Італіі, Германіі, Фінляндыі, Швецыі, пабачыўшы шмат цікавага ў жыцці іншых народаў і краін, Цётка як самае моцнае ўражанне ад сваіх падарожжаў адзначае яшчэ болей абвостраную любоў да роднага краю: «Мамачка, хачу нешта табе сказаць, але не паверыш ты адразу... Мамачка, нідзе так не пекна, як у нас».\\ У артыкулах «Аб душы маладзёжы», «Да вясковак моладзі беларускай», «Папараць-кветка», «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-як-нам-вучыцца|Як нам вучыцца]]» Цётка звяртаецца да моладзі з заклікам шанаваць і развіваць народную культуру, роднае слова. Асабліва натхнёна і пранікнёна гучыць яе артыкул «[[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-шануйце-роднае-слова|Шануйце роднае слова!]]», у якім выказана глыбокая заклапочанасць пісьменніцы лёсам роднай культуры, асновай якой з'яўляецца нацыянальная мова.\\ Цікавыя артыкулы Цёткі аб беларускай прыродзе і іншыя матэрыялы, што змяшчаліся ў часопісах «Лучынка» (1914) і мелі асветніцкае, педагагічнае прызначэнне.\\ Творчасць Цёткі ў беларускай літаратуры займае віднае месца. Важную ролю яна адыграла ў развіцці паэзіі, а таксама прозы, публіцыстыкі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-прысяга-над-крывавымі-разорамі]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-сварба]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]]