~~META: title = Фрыдрых Шылер — Кубак &keywords = кубак, юнак, кароль, вір, прорва, бог, харыбда, прорвай, хвалі, душа &abstract = Балада Фрыдрыха Шылера "Кубак" &iftrue = nan ~~ ====== Фрыдрых Шылер — Кубак ====== //Балада// \\ «Гэй, верныя рыцары, світа мая,\\ Хто смела ў бездань нырне?\\ Залаты туды кубак кідаю я,\\ І Харыбда яго праглыне.\\ Хто знойдзе мой кубак, з прадоння дастане,\\ Той возьме яго сабе ў карыстанне».\\ \\ Сказаў так кароль і ўзышоў на абрыў,\\ Што над чорнай прорвай навіс,\\ Дзе вір шалёны шумеў і бурліў,\\ І кубак шпурнуў уніз.\\ «Хто кінецца ў мора, яшчэ раз пытаю?\\ Няўжо я адважных у свіце не маю?»\\ \\ Прыціхлі, прымоўклі і чэлядзь і знаць:\\ «Няхай нас ратуе Бог!»\\ На дзікія хвалі з кручы глядзяць,\\ І ніхто з іх рашыцца не мог.\\ І ў трэці раз кароль запытаўся:\\ «Няўжо тут натоўп баязліўцаў сабраўся?»\\ \\ Але ўсе маўчалі, як і раней.\\ І раптам знайшоўся смяльчак:\\ Рассунуўшы кола знямелых людзей,\\ Выходзіць шляхетны юнак,\\ Прыгожы паж наперад выходзіць,\\ І ахнула світа, вачэй не адводзіць.\\ \\ Ён скінуў плашч і над прорвай стаў,\\ Зірнуў на бурлівую плынь:\\ Паток, што вір, усмоктваў, глытаў,\\ Назад вяртаўся з глыбінь,\\ Разрэзваў з грукатам чорныя нетры,\\ І пырскі фантанам віліся ў паветры.\\ \\ І плёскат, і булькат, і клёкат, і шып –\\ Нібы стрэўся агонь з вадой;\\ І хвалі, уздыбіўшы ўспенены хіб,\\ Імклівай плылі чарадой.\\ Навокал усё бушавала, дрыжала,\\ Быццам мора яшчэ адно мора раджала.\\ \\ Нарэшце прыліў адступіў, адышоў,\\ Прыціх, наталіўшы гнеў,\\ І пашчу Харыбда ашчэрыла зноў,\\ Таемны разявіла зеў,\\ І туды, як у лейку, з гулам і свістам\\ Вада палілася струменем іскрыстым.\\ \\ Але юнак апярэдзіў прыбой,\\ Надзеі на Бога усклаў\\ І кінуўся ўніз са скалы крутой,\\ Нырнуў і ў прорве прапаў.\\ І агарнула прыдворных трывога,\\ Шкада ўсім стала хлапца маладога.\\ \\ І прорва стуліла свае берагі,\\ Здабычы адчуўшы смак.\\ І шэпт пракаціўся, поўны тугі:\\ «Бывай, адважны юнак!»\\ Штось глуха шумела, пасля перастала,\\ І жудасная цішыня настала.\\ \\ Каб нават карону ўкінуў ён\\ І сказаў: «Хто яе прынясе,\\ Таму аддам і карону і трон», –\\ Адмовіліся б усе.\\ Харыбда скарбаў сваіх не пакажа,\\ Пра дзівы марскія ніхто не раскажа.\\ \\ Нямала ахвяр праглынула яна,\\ Караблёў патрушчыла шмат,\\ Ні адзін чалавек з магільнага дна\\ Жывым не вяртаўся назад.\\ Тым часам прорва ізноў бушавала,\\ Бліжэй і бліжэй падступала навала.\\ \\ І плёскат, і булькат, і клёкат, і шып –\\ Нібы стрэўся агонь з вадой;\\ І хвалі, уздыбіўшы ўспенены хіб,\\ Бягуць адна за адной,\\ Імчацца з грукатам несціханым,\\ І пырскі ў паветра ўзлятаюць фантанам.\\ \\ І раптам бліснула нешта з вады,\\ То не лебедзь крыламі б'е,\\ Змагаецца з хвалямі паж малады.\\ Ён правай рукою грабе,\\ А ў левай кубак высока трымае,\\ І крык захаплення над прорвай лунае.\\ \\ Ён дыхае доўга, шчаслівы стаіць,\\ Хоць твар і збялеў ад пакут.\\ Народ на героя з пашанай глядзіць:\\ «Ён жывы! Ён з намі! Ён тут!\\ З жахлівае бездані вырваўся ўдала –\\ Такога на свеце яшчэ не бывала».\\ \\ Узрушаны двор пераможцу вітаў.\\ Ён укленчыў перад каралём\\ І кубак падаў, і кароль загадаў\\ Напоўніць кубак віном.\\ Сама каралеўна хлапца частавала,\\ І сэрца яго ад любві раставала.\\ \\ «Жыві і красуйся, магутны ўладар! –\\ Прамовіў пачціва юнак. –\\ Жыццё на зямлі – найвялікшы дар,\\ Нябеснае літасці знак,\\ А там – жах і цемра, схавана глыбока\\ Адвечная тайна ад прагнага вока.\\ \\ І вір мяне пацягнуў, павалок\\ З нястрымнай сілай на дно,\\ А знізу сустрэчны імчаўся паток,\\ І яны зліліся ў адно.\\ І так мяне біла, круціла, вярцела:\\ Я думаў, душа адарвецца ад цела.\\ \\ Але Бог не пакінуў мяне ў бядзе,\\ Не адвярнуў вачэй,\\ Заўважыў я выступ каменны ў вадзе\\ І ўчапіўся аберуч хутчэй.\\ Там і кубак вісеў на галінцы карала,\\ Ненажэрная прорва яго не забрала.\\ \\ Пада мною была пурпуровая глыб,\\ Нібы шлях у пякельную мглу.\\ Я ўбачыў безліч дзівосных рыб\\ І між імі рыбу-пілу.\\ І зборышча гадаў агідных, мясістых\\ Паўзло, варушылася ў нетрах барвістых.\\ \\ Саламандры, яшчары, змей вадзяны...\\ Пачвары звіліся ў клуб:\\ То клюшні тырчалі з шурпатай спіны,\\ То востры высоўваўся зуб.\\ І ўжо да мяне падплывала акула,\\ Драпежніца кроў сваім носам пачула.\\ \\ І стала мне жудасна, ледзь не самлеў,\\ Мой дух агарнуўся тугой:\\ Ніхто не ўратуе, я ў прорве вісеў\\ Сам-насам са смерцю ліхой,\\ Не чуючы добрага слова людскога,\\ Сярод страшыдлаў прадоння марскога.\\ \\ І тут на мяне з багровай імглы\\ Накінуўся спрут-васьміног,\\ Прыцягвае, смокча, прэч ад скалы\\ Я рвануўся, трываць больш не мог,\\ І вір падхапіў мяне ў тое ж імгненне\\ І вынес наверх, Бог паслаў мне збавенне».\\ \\ Падзівіўся кароль: «Дагадзіў ты нам,\\ Мы чулі цікавы расказ.\\ Кубак – твой, але ж я і персцень аддам,\\ У якім неацэнны алмаз,\\ Калі зноў у падводнае царства адважна\\ Нырнеш ты і ўсё агледзіш уважна».\\ \\ Каралеўну спалохаў бацькаў загад:\\ «Калі ласка, я вельмі прашу,\\ Зазнаў ён і так небяспекі шмат,\\ Не губіце жывую душу,\\ Не прымушайце юнага пажа,\\ Няхай хто з рыцараў храбрасць пакажа».\\ \\ З усмешкай кароль на абрыў узышоў,\\ І кубак знік пад вадой:\\ «Калі ўдасца табе адшукаць яго зноў,\\ Будзеш першым у свіце маёй\\ І будзе жонкай тваёю тая,\\ Што гэтак шчыра табе спагадае».\\ \\ І прасвятлела душа юнака,\\ Каханне адолела страх.\\ Румянцам палае ў красуні шчака,\\ І слёзы ў яе на вачах.\\ І кінуўся хлопец у вір галавою,\\ Каб шчасце знайсці ці пакончыць з сабою.\\ \\ Прыбой наступае, бушуе, раве\\ І коціцца з шумам назад.\\ Глядзіць каралеўна: ён, можа, ўсплыве,\\ А сэрца гаворыць – наўрад.\\ І спадзяванні гаснуць паволі,\\ Няма юнака і не будзе ніколі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-бекеш]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-балада-роду]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-урок-сербская-балада-хх-ста]] * [[слоўнік/балада]]