Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:францішак-багушэвіч:францішак-багушэвіч-палясоўшчык

Гэта старая версія дакумента!


Францішак Багушэвіч — Палясоўшчык

(Апавяданне старога лесніка)

Трэці год ужо быў лесніком на графскай пушчы, хадзіў цягам па лесе, па оступах, і ведаю, што мядзведзь ёсць-то ёсць, але Бог бараніў спаткацца аж да гэтага года: ды і цяпер не ведаю, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў.
А вот як было: якраз у задушны дзень. Той дзень на ля-порт мы ўсе сабраліся. Прыйшлі рана, меўся лоўчы паляваць, ды штосьці з жонкай пабіліся, ці што, от так, яму было не да палявання, і пратрымаў нас да вечара, без нічым нічога, а пад вечар загадаў дроў нарубаць, так да ночы звялося.
Ноч цёмная, мне дахаты трэба ісці праз маю пушчу, праз оступ; дарогі ніякай няма, ідзеш логам, пасля градой, а пасля ізноў оступ; праз ручаёк доўгая старая ёлка, можа, ужо гадоў сто ляжыць вываратня, і па ёй пераходзім, бывала.
Якраз, даходзячы да той вываратні, думаю сабе: «Вот, Божа барані, цяпер мядзведзь на спатканне…«
Аж шапка паднялася, аж сэрца ёкае, улез на вываратню, пугач недзе стогне ў старым дубе,— яшчэ страшней стала…
Калі чую: вываратня аж калышацца, хтосьці ідзе з другога канца на спатканне… Так і ёсць, ён, мядзведзь, сапець, аж страх. А дожджык як з рэшата сыпе. А ведаю я, што мядзведзь палахлівы, але ж і я не надта каб ад яго смялейшы. Дай, думаю, спалохаю я яго. Як зараву я па-мядзведжаму — уга! А ён — шабалдыхць у балота, а крыкнуў, як чалавек: «Ах!»
Лячу бардзей дахаты, ці не задраў ён маёй каровы? Не, цэла, дзякаваць Богу, ходзе па гародчыку. Я ў хату шусць. «Жонка,— кажу,— мядзведзь за малым не задраў твайто Юзука!» Калі жонкі і ў хаце няма, дзеці спяць, сучка ляжыць пад сталом, смалякі гараць на прыпечку, і бульба прэе. Што за прычына? Я туды, я сюды — няма жонкі; ці не павесілася, думаю, са злосці, што мяне няма, а яна тыкі злая. Калі пачакаўшы трохі, і яна ідзець у хату — уся мокрая, а дрыжыць, як лісток.
«Жонка,— кажу,— мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука».
«А Божа ж мой, Божа, гэта,— кажа,— пэўне, той самы і мяне, спаткаўшы, хацеў задраць; як зароў, дык аж я ў балота па шыю ўляцела».
«Гдзе ж ты,— кажу,— яго спаткала?»
«На чортавай пералазцы (так звецца тая вываратня); ішла цябе спатыкаць ці з двара дахаты клікаць».
«А я,— кажу,— ішоў дахаты і на той пералазцы спаткаў мядзведзя і спалохаў яго, дык ён у ручай зваліўся».
«А можа, то я была?»
«Вот,— кажу,— я бы цябе не пазнаў? То мядзведзь быў, пэўне. Вот ты дык, можа, мяне спаткала, а не мядзведзя».
«Але? Нябось,— кажа,— я добра прыгледзелася: і морда яго, і хвост кароценькі, і зароў як трэба, аж засмярдзела».
«А бадай цябе пярун спаліў! Давай, баба, бялізну змяніць!»
Ну, так і будзе — нячыстая сіла, думаю, нас абое ў мядзвядзёў перакінула, а мы самі і не ведалі, бо і чаго ж мне па-мядзведжаму раўці і ўсё рабіць, як мядзведзь са страху?..
Дык і хто яго ведае, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў.

Падобныя старонкі

  • янка-лучына/янка-лучына-стары-ляснік
  • у-мядзведжай-бярлозе
  • францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча
  • гаспадар-лесу
  • нечаканая-сустрэча-3375
творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-палясоўшчык.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki