~~META: title = Францішак Багушэвіч — Не цурайся &keywords = жывём, розуму, толькі, сляпому, даруй, раняць, ксёнжках, стаіць, стыдна &abstract = Чытаць верш "Не цурайся" Францішка Багушэвіча &iftrue = nan ~~ ====== Францішак Багушэвіч — Не цурайся ====== Не цурайся мяне, панічок,\\ Што далонь пакрываюць мазолі;\\ Мазоль – працавітых значок,\\ Не заразе цябе ён ніколі.\\ То мадаль за труды і за муку,\\ Не хвароба якая з заразы.\\ Не стыдайся падаць ты мне руку,\\ Бо на гэтай руцэ няма сказы!\\ Эй! смялей адкрывай галаву\\ На паклон мой табе да зямлі;\\ Я тваёй галавы не сарву,\\ І маёй вы б, паны, не ўзялі.\\ Не ўцякай ад маёй ты сярмягі, –\\ Мне не стыдна у ёй ані чуць,\\ Вот твой храк я не меў бы адвагі,\\ Чортаў храк на сябе апрануць.\\ На кашулю глядзіш крывым вокам,\\ Што у хаце мне бабы пашылі,\\ Прапацела яна маім сокам,\\ Цэлы тыдзень яе не памылі...\\ А твая ж? як той снег, як папер,\\ I пацеў хто, і ткаў, і бяліў,\\ І хто шыў, і хто праў... а цяпер\\ Ты той пот на сябе узваліў.\\ I кашулі той мне было б стыдна,\\ Што не сам на яе гараваў,\\ Хоць бялейша яна – не завідна,\\ Не вазьму, каб ты мне дараваў!\\ А кінь вокам на хату маю:\\ І цячэ, і гніе, і крывая,\\ Усярэдзіне гной і стаіць на гнаю,\\ I дзіўлюся я сам, як трывае?\\ Не дзівіся, панок, як жыву, –\\ Мне ніхто не памог будаваць.\\ Хоць лянівым у свеце слыву,\\ А магу свет карміць-гадаваць.\\ Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць,\\ А там розуму шмат ад вякоў,\\ I ўсё можаш па ксёнжках рабіць;\\ А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?\\ Гдзе ж нам розуму толькі набраць? –\\ Знаем толькі загон ды саху\\ I жывём, каб касіць ды араць,\\ Ды жывём мы у Божым страху.\\ Каб умеў кіраваць я пяром, –\\ Я бы ксёнжку счыркаў, як папар,\\ I аб тым, як мы сеем, аром,\\ І як косім, і жнём Божы дар.\\ Можа б, ты прачытаў той грызмол\\ І да працы набраў бы ахвоты,\\ Шанаваў бы мужыцкі мазол,\\ Не цураўся б мужыцкай бядоты,\\ I падаў бы руку мне, сляпому,\\ І давёў бы мяне да дарогі:\\ Не блудзіў бы і я серад лому\\ I калючак, што раняць мне ногі!\\ Ой, раняць і ногі, і сэрца,\\ У сэрцы нянавісць, злосць родзяць,\\ Дзяржаць у тваёй паняверцы,\\ Да здрады вядуць, ад праўды адводзяць!..\\ Даруй жа сляпому, што ходзе ён крыва,\\ Даруй, што н відзе, хоць плача.\\ Вобмацкам ходзяць сляпыя – не дзіва,\\ Відзючы ж у яму як скача?! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-гора]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-смык]] * [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-ахвяра]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле]]