~~META: title = Францішак Багушэвіч — Кепска будзе! &keywords = кепска, будзе, Аліндарка, Багушэвіч &abstract = Кароткі змест і аналіз вершаванай аовесці Францішка Багушэвіча "Кепска будзе!" &iftrue = nan ~~ ====== Францішак Багушэвіч — Кепска будзе! ====== 1. Сюжэт вершаванай аповесці «Кепска будзе!» пачынаецца з эпізода, у якім расказваецца пра нараджэнне галоўнага героя: Як я толькі нарадзіўся –\\ Бацька сказаў: «Кепска будзе!»\\ Ну дык жа не памыліўся:\\ Здзекавалісь Бог і людзе. \\ Далейшае разгортванне падзей звязана з бацькавым прадказанннем, якое спраўджваецца ў жыцці Аліндаркі і выступае пацверджаннем прароцтва «кепска будзе». Такое жудаснае прадказанне бацькі было выклікана не тым, што родны чалавек не радаваўся нараджэнню сына, а бядотным становішчам, у якім ён знаходзіўся і якое, на жаль, было тыповым для большасці сялян: А чым кепска? – бо на марцы\\ Я радзіўся (пост праўдзівы,\\ Цяжкі месяц гаспадарцы.\\ Як пражыў хто, – будзе жывы). \\ Чаму ж такім складаным быў месяц март у земляробчым календары хлебароба? Гэта быў час, калі заканчваліся ўсе запасы мінулага года, а да новага ўраджаю было яшчэ вельмі далёка: Пераеўся хлеб да крышкі,\\ Бульбы толькі як пасеяць,\\ А прыварку ані лыжкі... \\ Акрамя гэтых нягод, нараджэнне сына ўскладвала дадатковыя цяжкасці і на да таго нялёгкае становішча бацькоў хлопчыка. Хрышчэнне сына вымагала новых затрат.\\ Усе прадказаныя нягоды («кепска будзе») не прамінулі сям'ю героя – спачатку не стала галоўных кармільцаў – каня і цялушкі, з гора захварэла і памерла маці, затым запіў і згінуў бацька. Сірату Аліндарку крышку падгадавала цётка і «якомусь чалавеку, як за сына, адпусціла». У хуткім часе «змерла цётка», герой застаўся круглым сіратою.\\ Улады, перад якімі селянін быў абсалютна бяспраўны, зацікавіліся лёсам героя толькі ў час, калі трэба было ісці ў войска. З'явіўся ўраднік, затым асэсар і адбылася такая размова: «А гдзе, – кажа, – той пасэсар,\\ Твой Ліндарка, ці як звецца,\\ Што хаваецца з някруцтва,\\ Пляцець лапцікі на печцы?..\\ Ашуканства, баламуцтва!» \\ 2. Этапы жыцця Аліндаркі: нараджэнне – ранняе сіроцтва – жыццё з айчымам – беспадстаўнае абвінавачванне ва ўхіленні ад рэкруччыны – арышт, затым астрог і вызваленне з астрогу, дзякуючы намаганням айчыма.\\ Характар героя загартоўваўся з улікам усіх нягод, якія выпалі на яго долю. Ранняе сіроцтва зрабіла героя самотным, паколькі ён жыў з вечным прадчуваннем бяды. Цяжкая праца селяніна загартавала Аліндарку не толькі фізічна, але і маральна. Вызначальнай рысай характара героя можна назваць свабодалюбства. Аліндарка не сцярпеў здзекаў асэсара і адказаў на абразу: А асэсар – той – здаровы!..\\ Лясь мне ў морду, потым тату.\\ Я ж узяў яго за грудзі\\ I піхнуў лыбом у дзверы. \\ Герой перакананы, што чалавек не павінен жыць у няволі, бо нават звяры і птушкі аддаюць перавагу смерці над няволяй: Што ж для нашага-то брата,\\ Меўшы розум не скацінны,\\ Як знаць волю мы павінны? \\ Аліндарка гатовы таксама аддаць жыццё за свабоду: «За свабоду жыццё даў бы!»\\ Апынуўшыся за кратамі, герой не губляе чалавечай годнасці нават сярод бяспраўя і здзекаў. Наадварот, ён знаходзіць радасць у сонечным праменьчыку і павеву ветрыку. Пры гэтым герой не перастае спадзявацца на лепшае і свае надзеі звязвае з Богам і айчымам. Названы бацька прысягнуў, што нават дома не стане абедаць, пакуль не выратуе сына з-за кратаў. Айчым перакананы, што «...проці сілы праўда выйдзе, як з магілы».\\ Чалавечая годнасць і любоў да свабоды засталіся для героя вышэйшымі і непарушнымі духоўнымі каштоўнасцямі.\\ 3. Прадказанні бацькі ў пачатку твора зрабілі героя самотным, прымусілі жыць у чаканні няшчасцяў. Але годна прайшоўшы праз усё, герой не агрубеў сэрцам, не стаў жорсткім у адносінах да людзей, не згубіў імкнення да волі, а загартаваўся. У канцы твора Аліндарка гатовы да выпрабаванняў, якія чакаюць яго наперадзе.\\ 4. У вобразе айчыма [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішак Багушэвіч]] увасобіў лепшыя рысы нацыянальнага характару. У першую чаргу неабходна адзначыць спагадлівасць: айчым пашкадаваў сірату і прыняў у сям'ю за сына. Добразычлівае стаўленне да бліжняга і адказнасць за яго таксама ўласцівы герою. Айчым аб'ектыўна ацэньвае свайго прыёмнага сына, паважае яго за працавітасць і спагадлівасць: Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,\\ Добры ўдаўся: позна ляжа,\\ Рана ўстане і адлогу\\ Не запусце... спагадлівы... \\ Калі Аліндарка трапіў у бяду, айчым зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб выратаваць яго з астрога: ...торбу ўзяў за плечы,\\ Па начальству просьбы жара!\\ Тройчы Вільню, сем раз Ліду\\ Ён адведаў... \\ Неабходна адзначыць і веру старога ў тое, што праўда павінна перамагчы: «Праўда дзесьці не змерла». Аліндарка паважае свайго айчыма і дае яму такую ацэнку: Раздабыў усе паперы,\\ Запісаў мяне у сказку...\\ Што і бацька б, можа, шчэры\\ Не зрабіў такую ласку. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-ахвяра]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-смык]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-гора]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле]] * [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча]]