Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:францішак-багушэвіч:францішак-багушэвіч-гора

Гэта старая версія дакумента!


Францішак Багушэвіч — Гора

Каб мне голас добры мець,
Каб мне гора куды дзець,
Каб жа гора Бог не даў,—
Я б вясёла заспяваў:
Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у аклунак,
Склаў бяду сваю, фрасунак,
Кінуў ў рэчку аж да дна, —
Прыйшло гора, як штодня.
Ой, гора ж маё!
Узяў я гора ды ў анучу,
Кінуў ў полымя-агонь,
Ніяк гора не замучу:
Гора горам, як штодзён.
Ой, гора ж маё!
Узяў я гора — ды на вожжы,
Завёў ў лес, скруціў да пня,
Заўтра гора, як свет Божы,
Улезла ў хату, як штодня.
Ой, гора ж маё!
Склаў я гора ды у дошкі,
Закапаў у велькі роў,
Адышоў ад ямы трошкі,
Аж у хаце гора зноў.
Ой, гора ж маё!
Завярнуўшы у салому,
Гора ў лапаць палажыў,
Абуў лапаць, сышоў з дому;
Гора горам,— лапаць згніў.
Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у тарбіну,
Аж у Мэрыку адвёз,—
Думаў: тут або я згіну,
Або з гора будзе лёс.
Ой, гора ж маё!
Дык і тут няма пакою:
З горам лёг і з горам ўстаў;
Мусіць, Бог яго з душою
Разам возьме, разам даў!
Ой, гора ж маё!

Падобныя старонкі

  • францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-бяда-і-гора
  • францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле
  • змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-гора-удавы-сымоніхі
  • анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-гора-не-бяда-бяда-не-г
творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-гора.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki