~~META: title = Францішак Багушэвіч — Гора &keywords = Багушэвіч, гора &abstract = Чытаць верш Францішка Багушэвіча "Гора" &iftrue = nan ~~ ====== Францішак Багушэвіч — Гора ====== Каб мне голас добры мець,\\ Каб мне гора куды дзець,\\ Каб жа гора Бог не даў,—\\ Я б вясёла заспяваў:\\ Ой, гора ж маё!\\ Склаў я гора у аклунак,\\ Склаў бяду сваю, фрасунак,\\ Кінуў ў рэчку аж да дна, —\\ Прыйшло гора, як штодня.\\ Ой, гора ж маё!\\ Узяў я гора ды ў анучу,\\ Кінуў ў полымя-агонь,\\ Ніяк гора не замучу:\\ Гора горам, як штодзён.\\ Ой, гора ж маё!\\ Узяў я гора — ды на вожжы,\\ Завёў ў лес, скруціў да пня,\\ Заўтра гора, як свет Божы,\\ Улезла ў хату, як штодня.\\ Ой, гора ж маё!\\ Склаў я гора ды у дошкі,\\ Закапаў у велькі роў,\\ Адышоў ад ямы трошкі,\\ Аж у хаце гора зноў.\\ Ой, гора ж маё!\\ Завярнуўшы у салому,\\ Гора ў лапаць палажыў,\\ Абуў лапаць, сышоў з дому;\\ Гора горам,— лапаць згніў.\\ Ой, гора ж маё!\\ Склаў я гора у тарбіну,\\ Аж у Мэрыку адвёз,—\\ Думаў: тут або я згіну,\\ Або з гора будзе лёс.\\ Ой, гора ж маё!\\ Дык і тут няма пакою:\\ З горам лёг і з горам ўстаў;\\ Мусіць, Бог яго з душою\\ Разам возьме, разам даў!\\ Ой, гора ж маё! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-бяда-і-гора]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-гора-удавы-сымоніхі]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-гора-не-бяда-бяда-не-г]]