Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:францішак-багушэвіч:францішак-багушэвіч-воўк-і-авечка

Гэта старая версія дакумента!


Францішак Багушэвіч — Воўк і авечка

Злавіў Воўк Ягнятка
І панёс жывое!
Плачуць сын і матка,
Як бабры, абое.
Воўк над маткай злітаваўся,
Як які аконам,
У аўчынку перабраўся
Ды ідзець з паклонам.
«Прыйшоў, – кажа, – я здалёчку
Расказаць пані Авечцы
Добру вестку аб сыночку, –
Як яму цяпер жывецца.
Не пазнала б ты ні колі,
Такі стаў дасужы
І жывець сабе на волі,
Без бяды, без нужы.
Зубы выраслі з клыкамі,
І адпалі рожкі.
Ножкі цяпер з кіпцюрамі,
А хвост даўжэйшы трошкі.
І ўжо Воўка не баіцца,
Ў хлеў ніхто не гоне;
Мае чым абараніцца
І другіх бароне!
Прыйдзі, імасць, да нас ў госці,
Справім сабе вечарынку:
Будзе мяса, будуць косці,
Будзем есць без адпачынку!» –
«Дзякуй, дзякуй, ягамосці,
За весці такія!
Няхай прыйдзе сын у госці,
Пагляджу, ці вые?
Бо, кажуць, між вамі
Трэба выць ваўкамі.
Я ж па-воўчы не умею
Ні выць, ні есці, ні лгаць.
Ды скінь скуру, дабрадзею,
Бо зубкі відаць».

Авечка, хоць дурная,
А воўка ж пазнае!


1891

Падобныя старонкі

  • максім-танк/максім-танк-конь-і-леў
  • шэры-драпежнік
  • алесь-бадак/алесь-бадак-воўк-і-навука
  • алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк
  • іван-шамякін/іван-шамякін-воўк
творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-воўк-і-авечка.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki