~~META: title = Францішак Багушэвіч — Быў у чысцы &keywords = паноў, чорт, стаіць, вочы, чысцу, дзень, дзівы, грэх, ксёндз, чысцы &abstract = Кароткі змест і аналіз верша Францішка Багушэвіча "Быў у чысцы" &iftrue = nan ~~ ====== Францішак Багушэвіч — Быў у чысцы ====== Раз у дзень задушны1, якраз апаўночы,\\ Іду я дадому... а цёмна і ўюга –\\ Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,\\ Але так, у меру падвыпіўшы туга;\\ Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,\\ Як паноў не стала, ці то была доля?\\ І лічу на пальцах: паншчызны дванасце,\\ А гадоў да трыццаць, як настала воля...\\ Там быў аконам, камісар і цівун,\\ Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.\\ І кожны меў права узяць за бізун,\\ І кожны меў права да нашай спіны...\\ А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,\\ Цяпер ці не болей настала паноў,\\ Не надта свабодна у гэтай свабодзе.\\ І давай я лічыць паноў новых зноў:\\ Стараста, соцкі, пісар, старшына,\\ Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,\\ З’езд міравы, прысутства і сход...\\ Аж паднялася са страху чупрына,\\ Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот.\\ А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..\\ Іду... калі, шусць, як маланкай спаліць,\\ Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.\\ Прыгледжуся – ён, тыкі ён і стаіць,\\ І стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном...\\ Схудаўшыся толькі: скура ды косць.\\ А белы весь чыста, белы, як снег,\\ Толькі на сэрцы плямачкі ёсць\\ І плямкі на пальцах – мусіць, то грэх?..\\ «Браціку, – кажа, – браце Мацей!\\ Ратуй маю грэшную душу\\ З чысца2, з рук подлых чарцей,\\ Альбо навекі загінуць я мушу!\\ Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,\\ Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,\\ Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,\\ Прыліп да мяне і не змыты;\\ То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,\\ За цябе, што нявінне быў біты.\\ Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,\\ Аж да чысцу таго, аж на дне,\\ І выбач ты мяне, што як быў малады,\\ Твая жонка-краса спадабалася мне.\\ І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,\\ Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!»\\ Я заплакаў з жалю, але думаю: досць\\ Нацярпеўся і ён, балазе што жывы,\\ Гэтак ссох ад агню – толькі скура ды косць.\\ Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы!\\ І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!\\ Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,\\ І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,\\ Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,\\ Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,\\ Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.\\ І каго ж тут няма? – тут і пан, і жабрак,\\ Ганарал і салдат, аканом і мужык.\\ А што баб і дзявок – сказаць так –\\ Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік.\\ Хто за што, а як баб – дык найбольш за язык.\\ Языкі ж даўжыні – так, як добры ручнік.\\ Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,\\ І ніяк дабяла прапаліць не магуць.\\ Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;\\ Чараўніц, а і зводняў старых,\\ Тут я шмат і знаёмых найшоў,\\ Але так не чапаў ужо іх.\\ З мужыкоў тут не надта каб шмат,\\ А ўсё больш дык багатых паноў.\\ На зямлі адцярпеўшы, наш брат\\ На той свет, як па масле, пайшоў.\\ А панам дык і трудна цярпець\\ Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!\\ Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь,\\ А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,\\ Бічам б’е, ражном пора у тыл,\\ Морду круце набок і за кудлы трасе;\\ Стук і крык, аж віхор круце пыл,\\ Так пан чортавы воз той нясе.\\ Там паны і муруюць й аруць,\\ Вымятаюць і свінні пасуць,\\ А смалу дык, як мёд, там жаруць,\\ А камення, як горы, нясуць, –\\ Усё ў пекле каб дно як зрабіць,\\ А ўсё толку няма іх работы нігдзе:\\ Тут яны робяць усё, абы збыць,\\ І там ім гэтак работа ідзе.\\ Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма.\\ Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:\\ Чорт яго аблажыў грашыма,\\ Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.\\ А другі дык вісіць, але як? –\\ Дык і стыдна мне вам гаварыць,\\ А са стыду чырвоны, як рак,\\ Вочы жмура, як кот, і гарыць.\\ А тут баба яго так кляне\\ Ды так лае з астатніх жа слоў,\\ Што, каб гэтак хто лаяў мяне,\\ Я б яго з свету даўно перавёў.\\ Станавы, старшына і тый тут.\\ Тым дык чорт усё грошы збярэ,\\ Скруце цвёрды круцель або жмут\\ Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ;\\ Каласірам3 ці чым там паліў,\\ І жмут той у горле агнём запаліў...\\ Але ж і ёсць там народу, аж цьма!\\ І роду ўсякага, і стану, і веку,\\ Хто не жыў на зямлі, таго тут няма;\\ Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку!\\ Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,\\ Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць.\\ Чорт і яго запрагае у фуру.\\ Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!»\\ Я брызнуў крапідлам на твар,\\ Ён аж зрадзеў, як дзіця,\\ Як хапіўся рукой за той каламар4,\\ Што ўзяў я з вадой яму для піцця,\\ Дык высахла зараз вада аж да дна;\\ Ён стаў такі светлы, як гэты дымок,\\ Стаў нікнуць, засталася пара адна,\\ І знік так, як нікне на слоньцы аблок.\\ Не помню, як выйшаў я з чысцу таго,\\ Праснуўся у хаце на печы аж днём.\\ Усе кругом плачуць, не ведаць чаго,\\ А пале мяне дык так, як агнём!\\ Трашчыць галава, баляць усе косці,\\ І надта вады зажадалася піць.\\ Напіўся і зноў паў я у млосці!..\\ От давялося ж у чысцы мне быць. \\ \\ 1. Дзень задушны – дзень памяці памерлых, 1 лістапада.\\ 2. Чысцец – паводле каталіцызму, месца часовай кары за дробныя грахі па смерці чалавека, куды ён трапляе пасля апошняга «Божага суда» і дзе адбывае пакуты; адпакутаваўшы (з дапамогаю родных і блізкіх, якія ў гэты час моляцца за душу нябожчыка), ён трапляе на неба.\\ 3. Каласір – газа.\\ 4. Каламар – чарніліца; тут у сэнсе конаўка або іншая пасудзіна. Аналіз твора: 1. Аўтар паказаў, што ў чысцы знаходзіцца шмат людзей: «Але ж і ёсць там народу, аж цьма! I народу ўсякага, і стану, і веку». Паказаны і, фактычна, усе сацыяльныя тыпы: «I каго ж тут няма? – тут і пан і жабрак, ганарал і салдат, аканом і мужык. А што баб і дзявок – сказаць так – ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік...» Не абмінулі пекла і духоўныя асобы. Душы пакараны за розныя грахі. Жанчыны, у асноўным, «...дык найбольш за язык» і за тое, «што дурылі мужоў». Паноў караюць за няздольнасць прыносіць карысць: «А ўсё толку няма іх работы нігдзе: тут яны робяць усё, абы збыць, і там ім гэтак работа ідзе». Ксёндз пакараны за празмерную любоў да грошай, другі – за плоцкія ўцехі. За атрыманне хабару і грашовую ненасытнасць церпяць страшэнныя пакуты станавы і старшыня. Найменш у чысцы мужыкоў, бо яны столькі нацярпеліся ад усіх на зямлі, што «...на той свет, як па масле» пайшлі.\\ 2. На пытанне «Адзначце рысы і функцыі жанравай формы ў вершы» адказаць дастаткова складана, паколькі розныя літаратуразнаўцы па-рознаму вызначаюць жанр гэтага твора. Так, напрыклад, асобныя даследчыкі (М. Грынчык) лічаць гэты твор баладай, іншыя (П. Васючэнка) сцвярджаюць, што гэта вершаваная навела, а аўтары дапаможніка называюць «Быў у чысцы» вершаваным апавяданнем.\\ 3. Найбольш эмацыянальна напружанымі з'яўляюцца ўрыўкі, дзе герой разважае пра мужыцкую долю і свабоду, у якой «не надта свабодна». Ён узгадвае тых, хто меў права ўзяцца за бізун і адзначае, што «кожны меў права да нашай спіны». Толькі пералік тых, каго трэба карміць мужыку, прыводзіць героя ў такі стан, што «аж паднялася са страху чупрына».\\ 4. [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішак Багушэвіч]] стварыў мноства сацыяльна-псіхалагічных тыпаў, «характэрных для беларускай рэчаіснасці канца XIX стагоддзя». Стаўленне аўтара да герояў, якія пакутуюць у чысцы, добра праглядаецца праз іх апісанне. Аўтар асуджае жанчын за плёткі, паноў за нікчэмнасць, чыноўнікаў за хабар. Асуджае ён і асобных духоўных асоб за тое, што забыліся Бога і грашаць больш за сваю паству. Сімпатыі аўтара на баку мужыкоў, якім лёс на зямлі адмераў столькі гора, што ўжо на тым свеце яны, нацярпеўшыся, мінаюць чысцец. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-ахвяра]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-гора]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-смык]] * [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча]]