~~META: title = Жыццё і творчасць Францішка Багушэвіча &keywords = багушэвіч, беларускай, францішак, вершы, багушэвіча, творы, верша, мова, беларускага, смык, беларускі &abstract = Жыццё і творчасць Францішка Багушэвіча &iftrue = nan ~~ ====== Жыццё і творчасць Францішка Багушэвіча ====== Францішак Бенедыкт Багушэвіч (1840-1900) нарадзіўся ў фальварку Свіраны, на Віленшчыне, у сям’і збяднелага шляхціца. Закончыў Віленскую губернскую гімназію. З 1861 г. вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, адкуль быў адлічаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Улетку 1863 г. Францішак Багушэвіч далучыўся да аднаго з паўстанцкіх аддзелаў, што вёў змаганне з царскімі войскамі на Беласточчыне. У адным з баёў быў паранены і мусіў хавацца на вёсцы, потым у Вільні. У 1865 г. праз пратэкцыю вядомага навукоўца Яна Карловіча яму ўдалося паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй. Пасля заканчэння ў 1868 г., Багушэвіч працаваў судовым следчым на Чарнігаўшчыне і ў Валагодскай губерні, а з 1884 г. займаўся адвакацкай практыкай у Вільні. Менавіта тут ён сур’ёзна заняўся літаратурнай творчасцю, з сярэдзіны 1880-х гг. пачаў актыўна супрацоўнічаць з пецярбургскім польскамоўным часопісам "Край". Свае беларускамоўныя творы пры жыцці ён здолеў апублікаваць толькі за межамі Расійскай імперыі. Зборнік вершаў "Дудка беларуская" (пад псеўданімам Мацей Бурачок) і апавяданне "Тралялёначка" выйшлі ў Кракаве, адпаведна ў 1891 і 1892 г., а кніжка вершаў "Смык беларускі", падпісаная Сымонам Рэўкам з-пад Барысава, была надрукаваная ў 1894 г. – відаць, у Познані. Вядома, што Багушэвічам таксама былі падрыхтаваныя да друку зборнік паэзіі "Скрыпка беларуская" і кніга "Беларускія апавяданні Бурачка", але сёння лёс гэтых рукапісаў невядомы. Памёр Францішак Багушэвіч 15 (28) красавіка 1900 г. у сваім маёнтку Кушляны на Смаргоншчыне. Пахаваны ў Жупранах (сёння гэта Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці).\\ У сваёй творчасці Францішак Багушэвіч, па сутнасці, фармулюе мэты літаратуры ў справе абуджэння нацыянальнай самасвядомасці – перадусім, у сялянскім асяроддзі. У сувязі з гэтым ён бачыць абсалютна неабходным абараніць ад прыніжэння і, урэшце, адрадзіць беларускую мову. У [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-прадмова-да-зборніка|прадмове да "Дудкі беларускай"]] ён шукае тых эмацыйных слоў, якія б дазволілі беларусам убачыць у сваёй мове неацэнны скарб: "Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, дый не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай". Я сам калісь думаў, што мова наша – "мужыцкая" мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць. З той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская альбо нямецкая, альбо і іншая якая… " Узгадайма дзеля параўнання радкі з "Абароны і ўслаўлення французскай мовы", напісаныя за тры з лішкам стагоддзі перад тым французскім паэтам "Пляяды" Жаашэнам дзю Бэле: "…Нашая мова – якую называюць варварскаю нашыя ворагі ці тыя, хто ўвогуле не мае ніякага права называць яе так – не павінна быць, тым не менш, пагарджаная, асабліва тымі, каму яна родная і падораная прыродай і хто ні ў чым не горшы за грэкаў ці рымлянаў…" (Пераклад Зміцера Коласа) У вершы "Хрэсьбіны Мацюка" (да 1891) мы бачым беларускага селяніна, які яшчэ толькі цярэбіць шлях да свайго нацыянальнага самавызначэння праз усведамленне тутэйшасці і сваёй сапраўднай рэлігійнай прыналежнасці. Супраціўляючыся гвалтоўнаму хрышчэнню ў праваслаўе, ён з годнасцю кідае ў твар княскім казакам: …"Эй, бійце ж мацней,\\ Мацнейшы ад веры вашай Мацей!" Але ў "Дудцы беларускай" (усе творы зборніка напісаныя ў 1886-1890 гг.) гучыць слова не толькі ў абарону беларускай самабытнасці. Багушэвіч крытыкуе сацыяльныя асновы сучаснага яму жыцця, становіцца на абарону беларускага селяніна. У вершы "[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-мая-дудка|Мая дудка]]" з грудзей песняра вырываецца "крык аб волі": …Сорак гадоў б’юся,\\ Ніяк не звярнуся,\\ Ніяк не натраплю\\ Вадзіцы хоць каплю,\\ Ды такой вадзіцы,\\ Ды з такой крыніцы,\\ Што, як хто нап’ецца,\\ Дык вольным стаецца… У такіх творах, як "[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле|Бог не роўна дзеле]]", "У астрозе", "Як праўды шукаюць" і інш., мы сустракаем спробы з агульнагуманістычных пазіцый зірнуць на штодзённае жыццё сялянства, паказаць сацыяльны прыгнёт і нацыянальны ўціск, што былі яго доляй у агромністай Расійскай імперыі: Чым то дзеіцца на свеце,\\ Што не роўна дзеле Бог, Адзін ходзіць у саеце, У золаце з плеч да ног,\\ А другому, каб прыкрыцца\\ Хоць анучай, – велькі труд;\\ Весь, як рэшата, свіціцца,\\ Адны латы, адзін бруд!.. ("Бог не роўна дзеле") Шмат якія творы з "Дудкі беларускай" набліжаюцца да жанру вядомай нам [[слоўнік/гавэнда|гавэнды]] – толькі ў якасці апавядальніка тут часцей за ўсё выступае не адукаваны шляхціц, а непісьменны, але дасціпны і назіральны мужык. У згаданым вершы "Як праўды шукаюць" гэты мужык абсалютна ў рэалістычным духу абмалёўвае сацыяльнае асяроддзе навокал сябе: …Як камень у воду, так праўда прапала!\\ Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:\\ Пасрэднік і воласць, сінод і сэнаты,\\ Прысуцтва і вокруг, управы, палаты… Селянін-герой багушэвічаўскіх вершаў не проста канстатуе несправядівасць ладу, што існуе, але бачыць, якім гэты свет быць павінен: …Пашлі ж цяпер духа, ды пашлі без цела,\\ Каб уся зямелька адну //Праўду// мела. ("Праўда") У невялікай вершаванай аповесці "[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-кепска-будзе|Кепска будзе!]]" ў цэнтры ўвагі аўтара знаходзіцца сялянскі хлопец Аліндарка, якому ад самага свайго нараджэння наканавана перажываць адну несправядлівасць за другой, выпрабоўваючы свой характар на трываласць, захаванне ў ім гуманістычнага пачатку, прагі да волі. Адданасць галоўнага героя традыцыйным каштоўнасцям беларускай вёскі, яго жыццялюбнасць, непрыманне ўціску ў любых праявах робяць гэты твор Багушэвіча адной з першых спроб падступіцца да жанру ліра-эпічнай паэмы ў беларускамоўнай літаратуры.\\ Мужык у вершах другога зборніка Багушэвіча, "Смык беларускі", які ствараўся ў 1890-1894 гг., не толькі скардзіцца на сваю нядолю ці бэсціць паноў і падпанкаў, але і разважае пра неабходнасць набыцця кніжнай мудрасці: …Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць,\\ А там розуму шмат ад вякоў,\\ І ўсё можаш па ксёнжках рабіць:\\ А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?.. ("[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-не-цурайся|Не цурайся]]") Лірычны герой "Смыка беларускага" бывае вельмі блізкі да асобы самога аўтара. У вершы "[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-ахвяра|Ахвяра]]" (у арыгінале: "Афяра", 1891) ён прамаўляе словы, поўныя горкай іроніі і асуджэння эгаізму, хцівасці і абмежаванасці паноў: Маліся ж, бабулька, да Бога,\\ Каб я панам ніколі не быў:\\ Не жадаў бы ніколі чужога,\\ Сваё дзела як трэба рабіў.\\ Каб прад меншым я носу не драў,\\ А прад большым не корчыў спіны,\\ Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,\\ У другіх каб не відзеў віны… У сваім першым, сярод апублікаваных, празаічным творы, апавяданні "[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-тралялёначка|Тралялёначка]]" (1892), Францішак Багушэвіч стварыў вобраз беларускага Габсэка – вясковага багацея Бартака Саска. Раскрываючы гэты вобраз, беларускі творца імкнецца да псіхалагічнай матывацыі яго ўчынкаў, іх ацэнкі з гледзішча традыцыйнай народнай маралі.\\ На думку беларускіх літаратуразнаўцаў, дакладнасць мастацкіх дэталяў, стварэнне тыповай карціны беларускай парэформеннай рэчаіснасці робяць з Багушэвіча пісьменніка-рэаліста. Натуральна, што з гледзішча фармальнай паэтыкі творчасць Францішка Багушэвіча сёння можна было б крытыкаваць у шмат якіх аспектах. Моцны бок гэтай творчасці – не гэтулькі ў дасканалым валоданні паэтычным словам, а хутчэй, у разуменні глыбінных рысаў менталітэту беларуса-селяніна. Менавіта гэта адзначала, пазнаёміўшыся з багушэвічавымі творамі, [[постаці/эліза-ажэшка|Эліза Ажэшка]]. Сам жа Францішак Багушэвіч у вершы да яе, у сваю чаргу, пісаў: …А ты, пані, смела\\ Заглянула ў хату,\\ Усё зразумела,\\ І нашаму брату\\ \\ Працягнула руку\\ І сэрцам балела,\\ Глядзеўшы на муку,\\ І пяром умела\\ \\ Выліць смутак гэты, –\\ Што аж душа рвецца,\\ Што плачуць кабеты,\\ Не знаюць, гдзе дзецца.\\ \\ Чым жа мы аддзячым,\\ Што мы напрыносім –\\ Хіба што заплачам\\ Ды Бога папросім:\\ \\ Прымі ж нашу дзяку\\ У малітве, ў слёзцы,\\ Прымі як адзнаку\\ Тваёй славы ў вёсцы. ("Яснавяльможнай пані Арэшчысе", 1891) \\ Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-ахвяра]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-гора]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-смык]]