~~META: title = Уладзіслаў Сыракомля — Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак &keywords = Сыракомля, прысвячэнне, ліцвін, народны, гутарка &abstract = Чытаць верш Уладзіслава Сыракомлі "Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзіслаў Сыракомля — Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак ====== Браткі мае з-пад Вяллі, з-пад Нёмна\\ Калі вы рады гаворцы скромнай,\\ Я пагуду, а вы сядзьце ў кола,\\ У чаркі стукнем, каб стала вясёла,\\ А мо ж і выплыве праўда з донца\\ Ці ўкрадзем ад смутку часціну сонца.\\ \\ Зляплю я вершык наспех часамі\\ I падзяліцца спяшаю з вамі,\\ Бо кожны шчыра так сустракае,\\ Гатовы слухаць мяне, пустабая.\\ Дык будзем рады гэтай прыгодзе,\\ А дзверы, пэўна, замкнуць не шкодзіць,\\ Каб панічок ці які падпанак\\ Не пасмяяўся з нашых спяванак.\\ Мы з вамі, праўда, майстры не надта,\\ Верш з-пад сякеры, яшчэ шурпаты,\\ Але слухач скажа ўдзячнае слова,\\ Сэрца адчуўшы у ім песнярова.\\ \\ З вамі, браткі, у сярмязе і ў світцы,\\ Кнізе лягчэй на свет нарадзіцца;\\ Мужык невучоны хутчэй дазволіць\\ Прыйсці паслухаць, адкуль нядоля:\\ Ці Бог карае, ці сам вінаваты,\\ Ці зазірае радасць дахаты.\\ Твар то збялее, то ўспыхне агніста, —\\ У селяніна і ў персях празрыста,\\ Як на далоні, пачуцці адкрыты,\\ Лёгка схапіць, запісаць у сшытак.\\ I калі братняе кола збяру я,\\ Хто мне нязграбны верш не даруе?!\\ Хто ніцаваць спеў дзядоў захоча, —\\ З думкі да думкі, з радка ў радочак?\\ \\ З панствам вяльможным рахуба не тая, —\\ Хто іх аблічча, сэрца ўгадае?\\ Як ім спяваць, заўжды надзіманым, —\\ Хочуць за грошы тавар без заганы.\\ Ёсць для іх кніжкі ў залочаных шатах,\\ Проста з Парыжа, з найлепшых варштатаў.\\ Дзе нам угнацца за тою бягою —\\ Адно Парыж, а Літва другое.\\ Той, каго вабяць пахі з-за межаў,\\ Што яму водар лугоў нашых свежых?\\ Ён пасля опер грэбаваць стане\\ Жаўранка песняй у сонечным ранні!\\ \\ Сэрца, жыццё я аддаць гатовы,\\ Пяю табе, мой народ шарачковы,\\ Толькі з табой спадзяванні злучаю,\\ Смутак і радасць, хвіліны адчаю.\\ Подых палёў тваіх лашчыць аблічча,\\ Песні я ў птаства твайго пазычу.\\ Моваю сэрца хай думы бруяцца.\\ Музыкай жніва, касцоваю працай.\\ Хай пад страхою жабрацкай хаціны\\ Верш прачытаюць браты-ліцвіны,\\ Калі адчуюць брата ў паэце,\\ Значыць, не марна жыў я на свеце.\\ \\ 1852, Залуча ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-ужо-птушкі-пяюць-ўс]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-не-я-пяю-народ-божы]] * [[постаці/уладзіслаў-сыракомля]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-добрыя-весці]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-хадыка]]