~~META: title = Уладзіслаў Сыракомля — Лірнік вясковы &keywords = Сыракомля, лірнік, вясковы &abstract = Чытаць верш "Лірнік вясковы" Уладзіслава Сыракомлі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзіслаў Сыракомля — Лірнік вясковы ====== //Ідылія// \\ I Лipa мая ты спеўная! З чараўнічага дрэва, Мусіць, ты змайстравана. Ледзь вазьму цябе ў рукі, усе, як ёсць, твае гукі, I песняй я ўвесь забраны. \\ Чую радасць без краю, быццам бы сэрца грае I смутна, і вясёла. Я шчаслівы, багаты, зноў ад хаты да хаты Іду праз родныя сёлы. \\ У дарагой старонцы і дзень, і ноч, і бясконца Граць і граць буду людзям — Да ўсхваляванага твару горача кроў ударыць, Болем сціснуцца грудзі. \\ Хай рука ўся здранцвее, сэрца няхай замлее, Тону не зніжу я, шчыры. Мо нават страчу голаў, усё ж я — лірнік вясковы, Памру, пеючы на ліры. II Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва! Ты — інструмент небяспечны! Хто да цябе прыхінецца, струн тваіх дакранецца, Помніць цябе будзе вечна! \\ Думка да зор панясецца, шчасця захочацца сэрцу, Страты згадае кожны. Ты — пакаранне з неба! Нібы з той брытвай, трэба Быць з табой асцярожна! \\ Брытва парэжа цела, песня ж, што з сэрца ўзляцела, Раніць душу маладую. О! Людзям часта здаецца: лірніку лёгка пяецца, Быццам бы ён не гаруе. \\ Што могуць ведаць людзі, як мне баляць часам грудзі, Як мяне думы будзяць: Граць ад сэрца, як трэба, граць высока му небу I ў карчме добрым людзям. \\ Граць адзінай, каханай, хай мой спеў палымяны Ёй душу ахінае — Ці жне жыта на полі, ці гуляе ў прыволлі, Ці ў гайку спачывае. \\ Ну ж у мяне і дзяўчына! Хлопцы роем пчаліным Уюцца пры ёй, бывае. Хлопца — той вусамі, той — серабром, кутасамі, Той — меч стальны выстаўляе. \\ Бог мне болей прызначыў: даў мне талент спявачы! I прад любым мундзірам Песню не зніжу і голаў — горды лірнік вясковы, Памру, пеючы на ліры! III Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва, З табой надзея малая! Песні не гожыя, мусіць: ці перад небам малюся, Ці для людзей заспяваю — \\ Толькі ніхто й не зважае, як ад сцяны, адлятае Голас — у хаце ці ў полі. Бо каму ні пяю я — чуе, як бы не чуе. О мая бедная доля! \\ Так, калі часам з краю сяду ля алтара я I, як хачу, зайграю, Ксёндз глядзіць тады з гневам, што царкоўныя спевы Смутным тонам збіваю. \\ А як пайду на свята, дзе хлапцы і дзяўчаты Весела ў крузе скачуць, У шуме гульняў вясковых лёс свой кляну песняровы, Нават цішком заплачу. \\ Слухаць пачне дзяўчына, але душу зачыніць, Гора мне, горка на сэрцы — Позірк лаўлю я харошай, кіне ж яна мне тры грошы I ў скокі з іншым ірвецца. \\ Дзед загугнявіць ля вуха: «Колісь я лірнікаў слухаў! Гралі — будзьце здаровы! Сёння ж ліру, бывае, хлопец бязвусы трымае — Даць яму б рог Пастуховы!» \\ I так паўсюль: маё гранне хваліць адзін, іншы — ганіць. Дзякуй, дзякуй вялікі — Што мне з гэтакай ласкі, калі ў далоні хто лясне: Раніць ён сэрца музыкі! \\ Ліра! Ты боль мой і церні! I ўсю разбіць бы цяпер мне! Кінуць бы ў кіпень віру!.. Ды толькі ты — мая мова, і я ўсё ж — лірнік вясковы! Памру, пеючы на ліры! IV Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва! Пояць слязамі людзі Песні мае, і ў часіну, калі навек я спачыну, Ты маім помнікам будзеш. \\ Эй, разляціцца навокал рэха тваё далёка! Я ад краю да краю Спеў данясу твой са славай — аж да Кіева нават, Аж да самога Дунаю. \\ Некалі ў вокны — так будзе! — стукнуць чужыя людзі Да суседскай хаціны: «Мы ўсе прыйшлі, каб глянуць, дзе спачывае нам знаны Лірнік — гонар краіны». \\ Будуць вяскоўцы здзіўляцца, ціскаць плячамі, шаптацца, Скрозь паляцяць пагалоскі: «Людзі з далёкага краю нашыя песні спяваюць! Песні нашае вёскі!» \\ Стануць усе хваліцца, сваім земляком ганарыцца Перад людзьмі чужымі. I — заўсёды, усюды — славіць лірніка будуць, Што жыў і спяваў з імі. \\ I ўсім, хто прыйдзе ў госці, пакажуць крыж на пагосце Ды курганок са жвіру. Скажуць горды я словы: «Тут наш лірнік вясковы! Памёр, пеючы на ліры». \\ 18 студзеня, Залуча, 1852 Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/уладзіслаў-сыракомля]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-ужо-птушкі-пяюць-ўс]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-не-я-пяю-народ-божы]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-хадыка]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-добрыя-весці]]