~~META: title = Уладзіслаў Сыракомля — Вызваленне сялян &keywords = герб, пячаткай, шляхты, сэрца, шляхціц, ліцвіна, паветаў, айцы, ліцвінам, гродна, люду, чытаў, вільні, сыракомля &abstract = Чытаць верш Уладзіслава Сыракомлі "Вызваленне сялян" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзіслаў Сыракомля — Вызваленне сялян ====== Чытаў рэскрыпт я дабрачынны цараў,\\ Што даць людзям правы людзей павінен,\\ I пэўнасць меў – ніводная ахвяра\\ Ужо не будзе цяжкай для ліцвіна.\\ Дый колас плёны абяцаў на славу\\ Пасля дажынак залатога свята.\\ Хадзіў штодня глядзець я пад заставу,\\ Ці ў горад шляхты прыбыло багата.\\ Калі праз пыл ад панскае карэты\\ Я ўбачыў постаць і пазнаў здалёку, –\\ Пабеглі слёзы... З парушыны гэта\\ Ці штось з-пад сэрца выплыла на вока?\\ Адкуль яны? I лоб мой невыпадкам\\ Нібыта ўвенчан лаўравай галінай,\\ Бо мой прапрадзед шчырым быў ліцвінам,\\ Бо шляхціц я і маю герб з пячаткай.\\ \\ Хай крыкуны, падумаў я, няславяць\\ I бэсцяць шляхты годнасць і аблічча,\\ Яны ўжо самі ўбачаць неўзабаве,\\ Што нездарма шляхетнымі нас клічуць.\\ I, можа, заўтра скажа з захапленнем\\ Масква і Польшча, цэлая Еўропа,\\ Што мы, ліцвіны, згодай ды сумленнем\\ Прыгону ёрмы паскідалі з хлопа,\\ Што прымуць славы лепшыя кавалкі,\\ Ў аналы трапяць як узор для свету\\ Перш-наперш тыя, хто з жазлом маршалка,\\ Хто галава і сэрца ўсіх паветаў.\\ Як Зыгмунт Аўгуст, і яны, нашчадкі, –\\ Зракуцца біча, каб навек адкінуць...\\ Я горды быў, што род мой ад ліцвіна,\\ Што шляхціц я і маю герб з пячаткай.\\ \\ У Коўне быў ад добрых тостаў п’яны,\\ За вызваленне мы пілі аратых,\\ Чытаў я ліст, чарнілам палымяным\\ Брат вестку з Гродна пасылае брату:\\ «Хоць тут пяскі, няма ўрадлівай глебы,\\ Хоць для Друскенік грошы мець я мушу,\\ Ды зрокся, браце, паншчыны ганебнай,\\ Бо я ж не д’ябал, каб прысвойваць душы».\\ Тады я думаў: «О вы, фанфароны!\\ Ды што мне Коўна альбо тое Гродна?\\ Радзіма сэрца – ў Вільні улюбёнай,\\ I Вільня спраўдзіць клопат той народны.\\ Дабро для ўсіх там зробяць напачатку,\\ Дальюць віна ў вадохрышча ліцвінаў...\\ Я ганарыўся, што Літвы быў сынам,\\ Што шляхціц я і маю герб з пячаткай.\\ \\ З сівое Ліды, са старой Ашмяны,\\ З Трок Кейстутовых ды з Вілейкі, з Дзісны –\\ Цвет нашай шляхты адусюль сабраны\\ Для люду вырак падпісаць карысны.\\ Айцы паветаў, іх жа наша пільнасць\\ Абрала з лепшых на сваіх загонах,\\ Няўжо яны дадуць зняславіць Вільню,\\ Вянец з чала сарваўшы ў Палемона?!\\ Аднак жа сталася... Мой край няшчасны!\\ Карону годнасці ў цябе сарвалі,\\ Твае айцы сваёй рукою ўласнай\\ Кайданы люду самі ўмацавалі.\\ Гісторыя асудзіць даастатку\\ Апеку іх над людам і краінай.\\ Мне брыдка Вільні, брыдка быць ліцвінам\\ I ганьба мець вось гэты герб з пячаткай!\\ \\ 1859 (?)\\ \\ Крыніца: Сыракомля У. Выбраныя творы / Уладзіслаў Сыракомля; Уклад., прадм., камент. К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 528 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-добрыя-весці]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-ужо-птушкі-пяюць-ўс]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-хадыка]] * [[постаці/уладзіслаў-сыракомля]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-не-я-пяю-народ-божы]]