~~META: title = Уладзіслаў Галубок — Доля мужыка &keywords = мужык, дзеці &abstract = Чытаць верш "Доля мужыка" Уладзіслава Галубка &iftrue = nan ~~ ====== Уладзіслаў Галубок — Доля мужыка ====== Вясной якраз на нашых святах\\ Я быў ў засценку Ліпнякі,\\ А там у нізкіх, курных хатах\\ Жывуць галота-мужыкі. Сагнуўся ракам і у дзверы\\ Упоўз я ў хату мужыка,\\ Каб сам не бачыў, не паверыў,\\ Як горка доля бедака. На сценах голых і вільготных\\ Растуць грыбы, цячэ вада,\\ I льецца на дзяцей гаротных\\ Хвароба, нэндза і бяда. Аконца мала чуць свіціцца,\\ Ніколі сонца не відаць,\\ Смурод і чад, у брудах дзеці:\\ Адно дзярэцца – пяць крычаць. Няма ж спакою беднай маці,\\ Няма ратунку, ані сна,\\ Няма каму прыбраць у хаце,\\ Ляжыць схварэўшая адна. А пры баку дзіця ў карыце –\\ Увесь у больках, заскаруз,\\ Закручаны у зрэбнай свіце,\\ Устаць не можа, бо нядуж. А дзеці воўкам пазіраюць,\\ З мяне дзівяцца: хто такі?\\ Як бы нічога больш не знаюць,\\ Апроч балота, асакі! Яфімка цяжка уздыхае,\\ З бядой не можа саўладаць,\\ Галодны дзеці, сам не мае\\ За што і рук сваіх зацяць. Да свету ўстане, кіне дзетак,\\ На заработкі к пану йдзе,\\ Глытае пот з слязьмі і гэтак\\ Век пераходзіць у бядзе. Чым, як жывуць, адкуль іх сіла?\\ Ні круп, ні хлеба, ні гаршка,\\ Здалося, я папаў ў магілу,\\ Але не ў хату мужыка... Дык во дзе бачыць гора можам,\\ Жыццё і долю бедакоў,\\ А колькі іх на свеце божым,\\ Такіх ліпняцкіх мужыкоў! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/янка-купала-мужык]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-мужык-і-пан]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-як-то-добра-калі-мужык]] * [[творы/янка-купала/ідэйны-змест-паэмы-купалы-тарасава-доля]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мужык-не-змяніўся]]