~~META: title = Уладзіслаў Галубок — Адвакат &keywords = адвакат, Рыгор &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіслава Галубка "Адвакат" &iftrue = True ~~ ====== Уладзіслаў Галубок — Адвакат ====== Нацягаўся Рыгор па горадзе, пакуль распытаўся адваката, каб просьбу напісаў на Ігналя Сіамітку за зямлю.\\ – Такі знайшоў! – уздыхнуў Рыгор і чуць не ракам папоўз па ступеньках. – Але ж і забраўся, каб ты выдах! – мармытаў Рыгор. – Пад самае неба. I чаму было кватэру не абабраць, ну, хоць бы каля шынка: там і грыўню лягчэй пераняў бы, і чарку калі-нікалі ўлавіў бы.\\ Гэтак, гукаючы сам з сабой, падышоў да дзвярэй, нясмела адчыніў іх і пераступіў парог.\\ – Ці ёсць пан адвакат? – спытаўся ў кабеціны.\\ – Ёсць, а нашто?\\ – Ды вось я з Ігналем ніяк не разбяруся, другі год пайшло, а ён не тое каб грошы, і ў вочы не плюне, а з зямелькі тым часам карыстаецца...\\ – Крыху пачакайце.\\ Рыгор перавёў дух, паставіў у куточку кій і толькі хацеў закурыць табакі, аж бач – выходзіць, мусіць-то, сам...\\ – Што скажаш, чалавеча?\\ – А вось, паночку, да пана, каб жалабу напісаць на Сіамітку: другі год ужо сядзіць у маёй сялібе, есць бульбачку дарэмную, а мне за гэта, не тут кажучы, хоць бы што...\\ – Добра. А пяць злотых маеш?\\ – Пяць не пяць, а што тры, то хоць зараз...\\ – Кладзі грошы.\\ Рыгор, як відзіш, шморг у капшук, адлічыў тры залатовачкі і паклаў на стале з самага беражка.\\ – Сядзь! – буркнуў адвакат.\\ – Сядзелі, – адказаў Рыгор. А сам і рад быў бы спачыць, але як глянуў на мэблю, то падумаў, што, можа, залатоўку, а то і дзве возьме за адпачынак, дык лепей не трэба.\\ Адвакат расклаў паперу і заскрыгаў пяром. Рыгор быў няграматны, але як угледзеў, што адзін ліст папсаваў адвакат, другі, то падумаў, што дрэнная будзе справа: пэўне не напіша, а Сіамітка гэтым часам жуе там яго бульбачку і мадзее ў хаце.\\ А тут яшчэ адвакат паклаў пяро, ушчаміў у руцэ нейкую дрывотнінку, пашморгаў, пашморгаў ёю па паперы, а тады пахукаў разы са два, па паперы смаргануў ды ўжо за трэці ліст бярэцца.\\ Рыгора ажно ў жар кінула.\\ – Што гэта, – думае сабе, – будзе? Два-тры словы пяром скрыгне, глядзь, ножыкам, а то нейкім ражном ужо і выдзер!.. Во, набрыдзь!\\ I, азірнуўшыся на дзверы, Рыгор згроб са стала свае тры залатовачкі дый кажа:\\ – Выбачайце, паночку, што запуталіся, але, мусі-то, я не сюды трапіў, бо пан не іначай сталяр ці габляр, а мне адвакат патрэбен. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/уладзіслаў-галубок]] * [[творы/уладзіслаў-галубок/уладзіслаў-галубок-гонар]] * [[творы/уладзіслаў-галубок/уладзіслаў-галубок-доля-мужыка]] * [[творы/уладзіслаў-галубок/уладзіслаў-галубок-навальніца]] * [[творы/уладзіслаў-галубок/уладзіслаў-галубок-забытая-хатка]]