Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-ягоўдзік:уладзімір-ягоўдзік-рак

Гэта старая версія дакумента!


Уладзімір Ягоўдзік — Рак

Навучу вас цікавай скорагаворцы. Слухайце і запамінайце, а потым паспрабуйце пераказаць:

Ехаў грэка цераз рэку.
Бачыць грэка: ў рэчцы рак.
Сунуў грэка руку ў рэку,
Рак за руку грэку – цап!

Не бяда, калі на першы раз заблытаўся язык. На тое і скорагаворка. А вось цікаўнага грэку мне шкада. Пэўна, зваліўся небарака ў рэчку, вымак да апошняй ніткі, бо ў рака клюшні – як абцугі кавальскія. Нікому не раю здароўкацца, пакуль ён не трапіў у кіпень.
Жывуць ракі ў рэках і азёрах. У норках, пад карчамі ці каменнем. Спажываюць усё, што патрапяць злавіць: чарвякоў, рыбку-малечу, іншую дробную вадзяную жыўнасць. Загіне хворая рыбіна – яны тут як тут, нават хваста не пакінуць. Не даюць забрудзіцца вадзе і тым прыносяць вялікую карысць.
Дзіўнае стварэнне рак! Вусаты, з сярдзітымі, нібы прылепленымі вачамі. Аднак самае дзіўнае, як ён поўзае і плавае. Хвастом наперад! А ўсё таму, што з вусачом здарылася вось якая прыгода…
Стварыўшы на зямлі дзень і ноч, Бог раздаў усім вочы: і людзям, і самай рознай жыўнасці. А вусаты рак спазніўся на дзяльбу.
– Дзе ты быў дасюль? – спытаўся Бог.
– У карчах сядзеў, – прабурчаў рак.
– Лепшыя вочы ўжо разабралі, – сказаў Бог, – вазьмі сабе, якія засталіся…
Рак памацаў клюшнямі вочы і шпурнуў іх на зямлю.
– Пакінь сабе гэтыя лупачы! Мне яны непатрэбныя.
– Ах так!.. – раззлаваўся Бог. – Тады будзеш ты поўзаць хвастом наперад, а глядзець заўсёды назад.
Паспрабуйце ўзяць рака за клюшню і вы самі ўбачыце, што гэта – чыстая праўда.

Падобныя старонкі

  • нясвіжскі-палац
  • уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі
  • уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с
  • уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава
  • уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі
творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-рак.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki