~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Рак &keywords = рак, бог, грэка, вочы, рэку, рука, грэку, дзіўнае, вусаты, хвастом &abstract = Апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Рак" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Рак ====== Навучу вас цікавай скорагаворцы. Слухайце і запамінайце, а потым паспрабуйце пераказаць: Ехаў грэка цераз рэку.\\ Бачыць грэка: ў рэчцы рак.\\ Сунуў грэка руку ў рэку,\\ Рак за руку грэку – цап! Не бяда, калі на першы раз заблытаўся язык. На тое і скорагаворка. А вось цікаўнага грэку мне шкада. Пэўна, зваліўся небарака ў рэчку, вымак да апошняй ніткі, бо ў рака клюшні – як абцугі кавальскія. Нікому не раю здароўкацца, пакуль ён не трапіў у кіпень.\\ Жывуць ракі ў рэках і азёрах. У норках, пад карчамі ці каменнем. Спажываюць усё, што патрапяць злавіць: чарвякоў, рыбку-малечу, іншую дробную вадзяную жыўнасць. Загіне хворая рыбіна – яны тут як тут, нават хваста не пакінуць. Не даюць забрудзіцца вадзе і тым прыносяць вялікую карысць.\\ Дзіўнае стварэнне рак! Вусаты, з сярдзітымі, нібы прылепленымі вачамі. Аднак самае дзіўнае, як ён поўзае і плавае. Хвастом наперад! А ўсё таму, што з вусачом здарылася вось якая прыгода...\\ Стварыўшы на зямлі дзень і ноч, Бог раздаў усім вочы: і людзям, і самай рознай жыўнасці. А вусаты рак спазніўся на дзяльбу.\\ – Дзе ты быў дасюль? – спытаўся Бог.\\ – У карчах сядзеў, – прабурчаў рак.\\ – Лепшыя вочы ўжо разабралі, – сказаў Бог, – вазьмі сабе, якія засталіся...\\ Рак памацаў клюшнямі вочы і шпурнуў іх на зямлю.\\ – Пакінь сабе гэтыя лупачы! Мне яны непатрэбныя.\\ – Ах так!.. – раззлаваўся Бог. – Тады будзеш ты поўзаць хвастом наперад, а глядзець заўсёды назад.\\ Паспрабуйце ўзяць рака за клюшню і вы самі ўбачыце, што гэта – чыстая праўда. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]]